Як падтрымаць палітвязняў: пісаць лісты і дапамагаць іх родным

Вольны Захад інфа

У агульным бяссілі перад рэпрэсіямі зрабі маленькую добрую справу — напішы ліст падтрымкі палітвязню!

На дадзены момант у Беларусі налічваецца 1327 палітычных зняволеных. Каб яны не адчувалі сябе пакінутымі, трэба працягваць падтрымліваць іх любымі спосабамі. Брат палітзняволенага юрыста “Вясны” Уладзіміра Лабковіча Мікалай раіць працягваць пісаць лісты за краты, а таксама падтрымліваць сваякоў палітвязняў:

«Лісты трэба працягваць пісаць, нягледзячы ні на што, – штосьці раптам можа дайсці. Калі ліст не даходзіць, то адпраўляйце яго некалькі разоў, пакуль ён не дойдзе да адрасата. Вясноўцам можна дасылаць лісты і бандэролькі. Акрамя дапамогі палітвязням, трэба дапамагаць і родным палітзняволеных, таму што яны ў вельмі складаным стане».

А былы палітвязень Віталь Казлоўскі нагадаў, чаму варта пісаць лісты салідарнасці:

«У нашым выпадку падтрымліваць палітвязняў не толькі варта, а болей – гэта наш абавязак, акт нашага сумлення і, бадай, адно з найбольш актуальных і важных пытанняў для дэмакратычнай беларускай супольнасці. Палітвязні – наш боль кшталту Курапатаў. І калі мы іх пакінем сам на сам са сваім зняволеннем і праблемамі, тады шмат каштоўнасцяў, за якія мы рызыкавалі і пацярпелі, проста абясцэніцца, ператворацца ў папулізм».

Даслаць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы: Майстэрню паштовак салідарнасці і письмо.бел

Не забывайце, што наша сіла — у салідарнасці. Поўны і актуальны спіс палітвязняў.

Карысныя спасылкі:

Практычны дапаможнік па перадачах для вязняў ад “Вясны”

“Наша сіла — у салідарнасці!” Вялікі дайджэст па дапамозе палітвязням

“Хачу напісаць вязню!” Распавядаем, як гэта зрабіць

Як рабіць грашовы перавод, як атаварваюцца вязні і што адбываецца з грашыма пасля вызвалення чалавека?

Падтрымаць «Вясну» на Patreon