А КАБ ЦЯБЕ ЦЯ́МІЛА! Зычэньні добра здаць экзамэн — па-беларуску
Хтосьці акурат здае (або прымае) сэсію. У Расеі скажуць: „Ни пуха ни пера!“. У германскіх мовах тут мэдычная карта траўматоляга: па-ангельску Break a leg! — ‘зламі нагу!’. Па-нямецку яшчэ горш: Hals- und Beinbruch! — ‘зламі шыю і нагу!’.
Беларускія зычэньні ўдачы зьвязаныя з рамяством, напрыклад: Рыбно вам! — Хоць ня рыбна, ды юшна!.
Або: А каб цябе ця́міла! Слова цяміць мае два значэньні — або ‘прапасьці’, або — ‘быць разумным, кемлівым’. Такі двухсэнсоўны жартоўны праклён пасуе студэнтам.