Топ-10 праектаў, артыкулаў, кніг і відэа, якія раскажуць пра Ноч паэтаў. Гэты спіс дапаможа даведацц…

Топ-10 праектаў, артыкулаў, кніг і відэа, якія раскажуць пра Ноч паэтаў. Гэты спіс дапаможа даведацца і больш зразумець пра страшную ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года

1. Зянон Пазьняк, Яўген Шмыгалёў. «Курапаты — дарога сьмерці». Праграмны артыкул, апублікаваны ў 1988 годзе ў газеце «Літаратура і мастацтва» з прадмовай Васіля Быкава. Першая спроба голасна распавеці пра сталінскія рэпрэсіі. Чытаць

2. Глыбокія дакументальныя стужкі. «Дарога на Курапаты» — кіно 1990 года, знятае «Беларусьфільмам». Глядзець; «Курапаты – шлях сумлення» — дакументальны фільм Уладзіміра Самойлава. Паўгадзіны фактаў, інтэрв’ю і каментароў гісторыкаў. Архіўныя кадры пра тое, як пачыналася гісторыя даследавання адной з самых балючых кропак на мапе сучаснага Менска. Глядзець

3. Леанід Маракоў «Ахвяры і карнікі». Фенаменальнае даследаванне. У гэтай кнізе сабраныя тысячы імёнаў. Імёнаў тых, хто быў забіты, закатаваны ў 1937-38 гадах у мінскай унутранай турме НКУС. Тут ёсць таксама і расповеды пра тых, хто браў тады на сябе смеласць чыніць лёсы. Чытаць У дадатак да гэтай кнігі прапануем пачытаць таксама працу Аляксандра Лукашука «За кіпучай чэкісцкай работай». Даследаванне грунтуецца на ўнікальных дакумэнтах, да якіх аўтар атрымаў доступ у 1991—1992 гадах як чалец камісіі Вярхоўнага Савету ў справе палітычных рэпрэсіяў. Чытаць

4. Віртуальны музей савецкіх рэпрэсій у Беларусі — багаты збор крыніц пра тое, як працавала карная машына за савецкім часам. Стваральнікі праекта паказваюць ідэалагічныя падмуркі апраўдання і легітымізацыі рэпрэсій (так, яны ёсць!), прыводзяць мноства фотаздымкаў, архіўных матэрыялаў і відэазапісаў.

5. Картатэка Сталіна — праект «Радыё Свабода». Тут сабраныя звесткі пра больш як 60 тысяч рэпрэсаваных беларусаў. На сайце можна шукаць нфармацыю пра сваякоў, а таксама дапаўняць агульную гісторыю матэрыяламі са сваёй сямейнай.

6. Сяргей Грахоўскі, «Споведзь». Ларыса Геніюш, «Споведзь». Аўтар і аўтарка, дзве кнігі, адна назва. Ёмістая, шчымлівая і гранічна шчырая ў абодвух выпадках. Два пакручастыя лёсы з агульнымі ранамі: пераcлед за беларушчыну, зняволенне, пакуты, выгнанне. Чытаць: Грахоўскага Геніюш. «У капцюрох ГПУ» Францішка Аляхновіча (Чытаць), «Успаміны з жыцьця пад савецкай уладай і з пабудовы Беламорскага каналу» Пятра Палягошкі (Чытаць), «Рысы майго пакалення» Вячаслава Шыдлоўскага (Чытаць), «Цар — зэк Сямён Івашкін» Васіля Хомчанкі (Чытаць).

7. «Жоўты пясочак»: апавяданне і мастацкі фільм. Кароткае апавяданне класіка беларускай літаратуры Васіля Быкава (Чытаць) і стужка рэжысёра Уладзіміра Туровіча, якая мае ўжо 12 млн праглядаў. (Глядзець). Гэта час канцэнтраванага экзістэнцыйнага жаху, бездапаможнасці, крыўды, болю і горычы. Пасля прагляду і (ці) прачытання вы дакладна станеце іншымі.

8. «Дарога праз Курапаты». Паводле падзей, якія леглі ў аснову гэтай кнігі, можна зняць трылер. Ідзе будаўніцтва Мінскай кальцавой дарогі, маршрут пралягае праз Купапацкі лес. Трактары руйнуюць крыжы. Гарыць намёт. На дварэ -20, але паўстае кругласутачная варта актывістаў дзеля абароны памятнага месца. У журналістаў замярзаюць дыктафоны…(Чытаць).

9. Новы этап змагання за Курапаты як месца памяці распачаўся 5 гадоў таму. Адным з твараў гэтай барацьбы з’яўляецца актывіст, сёння палізняволены Зміцер Дашкевіч. Менавіта ён стаўся ініцыятарам устаноўкі новых крыжоў ва урочышчы, ён ініцыяваў і першыя акцыі памяці «Ноч паэтаў». У гэтым стрыме «Радыё Свабода» бачым гістарычныя кадры стварэння новых крыжоў на месцы састарэлых.

Задумку Зміцера падхапілі беларусы, якія сёння жывуць у розных краінах свету. Акцыя «Ноч паэтаў» сталася штогадовай. На сайце, які так і называецца — Ноч паэтаў, сабраная бібліятэчка, прысвечаная ўшанаванню памяці расстраляных творцаў.

10. (Не)расстраляныя — маштабны медыяпраект, прысвечаны ўсім пацярпелым ад сталінскіх рэпрэсіяў беларусам і іх сем’ям. Кніга, лекцыі, песні, відэа з канцэртаў — багаты матэрыял для заглыблення ў тэму.

Спіс складзены пры дапамозе экспертаў Беларускай Рады культуры @radakultury.

#эксклюзіўБГМ