Калі хто не бачыў, заўжды натхняльная пераднавагодняя прамова ад цудоўнай Ганны Севярынец:Хачу сказ…

Калі хто не бачыў, заўжды натхняльная пераднавагодняя прамова ад цудоўнай Ганны Севярынец:

Хачу сказаць, што, як бы не было нам цяжка, страшна, люта, злосна альбо роспачна, мы недарэмна пражылі гэты год.
Калі азірнуцца назад, не на год ці на два, а наогул, колькі дазваляе нам гісторыя, мы пабачым, што для беларусаў найбольш характэрны спосаб актыўных агульных дзеянняў – гэта карыстанне “вокнамі гістарычных магчымасцяў”. Па нашым агульным характары, сапраўды мірным і занадта цярплівым, мы амаль ніколі не жадалі, так каб усе разам, ніякіх радыкальных зменаў на сваёй зямлі – але ўвесь час спрабавалі скарыстацца магчымасцямі асцярожна абхітрыць моцных і зубастых, неяк так крутануцца, каб і сабе чаго здабыць.
У прыватным жыцці беларуса такое, між іншым, часта спрацоўвае. У гістарычным – далёка не заўсёды. То ў хаўруснікі сабе возьмем злодзея і бандыта, то эліты нашы выявяцца слабымі альбо здрадлівымі, то людзі не ўхопяць хвалю і не падтрымаюць лідараў, адным словам, неяк мы нешта сабе назапашваем на будучыню, адрываючы па кавалачку, але вельмі ўжо павольна і занадта дарагім коштам. Кожны раз – вельмі дарагім. Магчыма, аднойчы толькі нам удалося так крутануцца, каб адхапіць сабе галоўнае – палітычную суб’ектнасць і незалежнасць, і тое атрымалася не тое каб зусім ужо добра, затое без крыві.
Не ведаю, ці свядома, хутчэй, проста час надыйшоў – але цяпер мы маем усё тое, што і заўсёды напярэдадні “вакна магчымасцяў”, але ў значна лепшай якасці. Маем моцных людзей, якіх большасць гатовая ўспрымаць як лідараў. Маем значна больш, чым звычайна, скансалідаваныя эліты. Маем надзвычай згуртаваныя дыяспары. Маем агульную мару. Агульную інфармацыйную прастору. Маем вялікі культурны набытак, які ўжо вымяраецца стагоддзямі. І што самае важнае – праўда, трэба яшчэ крыху папрацаваць – маем агульнае ўсведамленне сябе як народа, асобнага, адрознага ад іншых, вартага ўласнага лёсу.
Не ведаю, як хто, але я, параўноўваючы розныя перыяды беларускай супольнай грамадскай актыўнасці за апошнія 200 год, бачу тытанічны рост усіх паказчыкаў, што мусяць прывесці нас цяпер ужо да сапраўднай суб’ектнасці як нацыі.
Не буду паглыбляцца – з розных прычын. Для гэтага трэба пералічыць усе набыткі года – а многія з іх мне не хацелася б агучваць. Думаю, кожны з нас так ці іначай, паразважаўшы крыху і адкінуўшы песімістычны настрой, знойдзе нешта проста ў сябе пад рукой.
І так, кошт вельмі высокі. Але давайце глядзець праўдзе ў вочы: нашы папярэднікі плацілі значна больш – і не спыняліся. Мы – толькі іхны працяг, і мы ідзем далей.
Для мяне відавочна: нішто не было дарэмна за гэты год. Усё, нават жудаснае, было на будучую карысць. Трэба толькі нам, сцяўшы зубы і ўпёршыся, ведаць: мы на шляху, і калі мы не павалімся чарговы раз у роспачы і слязах край гасцінца старога на духмяным пракосе недаспелай травы – мы абавязкова дойдзем. І будзем людзьмі звацца.
Хаця можам чарговы раз і паваліцца, чо уж там. Гэтага варыянту ў нас ніхто не адбярэ:)