Калі пачалася вайна ва Украіне, гэта стала для мяне шокам і, можна сказаць, апошняй кропляй, пасля якой я сур’ёзна пачала задумвацца, што нешта тут, у Беларусі, не так. Мусіць, тады канчаткова гэта зразумела. Мне пісалі сябры з Украіны, задавалі пытанні, што адбываецца ў Беларусі, чаму мы дапамагаем бамбаваць мірныя гарады.
Я спрабавала ім растлумачыць, што мы, беларусы, нічога не робім. Гэта ўсё віна ўрада, расійскага войска, якое размясцілася ў нашай краіне. Сапраўды, не ўсе мяне хацелі адразу пачуць, але з цягам часу ўсё зразумелі. А калі я ім расказвала, што ўвогуле зараз адбываецца ў нашай краіне, яны са шкадаваннем адказвалі, маўляў, шкада, што мы, беларусы, пакуль ніяк на гэта не можам паўплываць.
У пэўны момант трэнерскі штаб прамым тэкстам сказаў, што падчас збораў нам забаронена казаць не толькі пра вайну, а ўвогуле пра ўсё, што не датычыць спорту, у тым ліку пра палітыку. Наша задача — страляць. Натуральна, мы не маглі моўчкі гэта ўсё перажываць, але нават калі нічога не абмяркоўвалі сябар з сябрам, настрой ва ўсіх было вельмі дрэнны, стан прыгнечаны.
А што трэнеры? Яны спакойна смяяліся, былі на раслабоне, нібы нічога і не адбываецца. Быццам ва Украіне не бамбуюць гарады, не гінуць людзі, быццам ніхто там не хаваецца ў падвалах, у метро і не вымушаны пакідаць свае дамы. Як гэта магчыма? Для трэнераў, здаецца, такія паводзіны вельмі нармальныя.
Facebook | YouTube | Instagram | Twitter | Падтрымаць фонд