Рубрыка ‘Нам пішуць краязнаўцы’ Нам вельмi пашанцавала, паважанае спадарства. Мы жывем з вамi ў двух гарадах. Адзін з іх сучасны, напоўнены эклектыкай, горад Мiнск, якi мае свае безумоўныя плюсы для жыцця. Ён пастанна змяняецца ў лепшы і горшы бок адначасова. Многія замежныя госці, калі прыязджаюць да нас, гаворачы пра Мінск, называюць яго вельмі савецкім горадам. Але ці так гэта? Што такое савецкі стыль у архітэктуры горада? Амаль заусёды, калі аб гэтым ідзе гаворка, гучаць выразы: “сталінскі ампір”, ”манументальны класіцызм” і г.д. Простаму чалавеку, ды і няпростаму, даволі складана разабрацца ва ўсіх гэтых навукова-гістарычных асаблівасцях. Жыхарам трактаразаводскага пасёлка гэта зрабіць прасцей. Другі – Трактараград – класічны прыклад уялення савецкіх архітэктараў, як павінен выглядаць сапраўдны савецкі горад для жыцця. У нас, можна так сказаць, старонкі архітэктурнай вікіпедыі навідавоку кожны дзень. Давайце мы з вамі трошкі падключым фантазію і ўявім пасляваенны Мінск. Як кажуць, стан горада гэта відовішча не для слабых нерваў. Татальная разруха, людзі жывуць у зямлянках, ад насельніцтва горада за час вайны засталося ўсяго нічога 2 тысячы чалавек (10% ад даваеннага ўзроўню). Карацей кажучы, галівудскі апакаліпсіс. І тут пасярод гэтай разрухі ўжо рыхтуюцца глабальныя планы па забудове Мінска. Як мне падаецца, пасля перамогі панаваў некаторы аптімістычны настрой, цяпер-то пасля таго, як ворага перамаглі, савецкі чалавек зажыве з камфортам. Ну як вядома, камфорта на ўсіх у савецкім саюзе не хапала. Таму былі тыя, хто ў першую чаргу павінен быць забяспечаны жыллём (партыйныя работнікі і іншая кіруючая эліта), у другую чаргу (прадстаўнікі пралетарыяту), ну і тыя, якія пачакаюць (такіх была большасць). Працоўныя трактарнага завода ішлі ў другую чаргу. Ну для тых, хто ўяуляе тагачасную сітуацыю – пралетырыі вельмі патрэбны былі краіне. Калі можна так параўноўваць, пралетарыят – гэта нешта накшталт сучасных айцішнікаў – людзі адносна адукаваныя (за нямецкі станок на трактарным заводзе зусім непісьменнага не паставіш), і яны ствараюць прадукт з высокім дадатковым коштам. І для іх трэба зрабіць пэўныя ўмовы і ў тым ліку бытавыя. Так мовіць, савуцкую Новую Баравую. Такі раён, каб можна ў ім з камфортам жыць, адпачываць і думаць толькі аб тым, каб стаць перадавіком і пераўзысці Стаханава.
Адначасова з будаўніцтвам трактарнага завода распачалося будаўніцтва жылога комплекса для працоўных. Размах будаўніцтва ўражваў нават паэтаў, такіх як Пятрусь Броўка. Вось як ён гэта апісваў.
Рассунуўшы сосны
Плячамі, што волат,
Пад Мінскам ўздымаецца
Трактарагорад.
З паэтам можна пагадзіцца, будаваўся сапраўдны горад у горадзе. Шмат увагі савецкія архітэктары ўдзялялі грамадскім прасторам раёна (былы піянерскі сквер, дзе цяпер царква), спартыўным аб’ектам (захавалася спартыўная пляцоўка побач з метро, з месцам для гульні ў самую савецкую гульню Гарадкі), культурным цэнтрам. Гэтаму ёсць пэўнае тлумачэнне, бо людзі на працу на трактарны завод з’язджаліся з усіх канцоў Беларусі, трэба было іх неяк аб’яднаць, неяк зцэментаваць. Нават пры праектаванні жылых дамоў вельмі вялікая ўвага надзялялася дваравым тэрыторыям, канцэпцыя прадугледжвала, што жыхары раёна будуць ладзіць у дварах нейкія актыўнасці (можна сказаць, савецкія архітэктары, так мовіць, стварылі ўсе ўмовы для жыхароў раёна ў 20 годзе для актыўнасці) і шмат часу праводзіць разам з суседзямі. А для гэтага патрэбна месца, ды не проста прастора, а каб прыгожа з скульптурамі для дзяцей і дарослых (мішкі знакамітыя, дзяўчынка на самакаце). Вось чаму старыя двары ў трактрагорадзе вельмі вялікія ў параўнанні з дварамі сучасных жылых комплексаў. Вось чаму шмат дамоў з двумя выхадамі з пад’езда (адзін у двор, другі знешні). Сапраўдны савецкі чалавек павінен мець права на працу і на культурны адпачынак у коле сваіх суседзяў, такіх самых савецкіх людзей. Можна сказаць, што гэта канцэпцыя рэалізвана на нашым з вамі раёне паспяхова. Кватэра, дом, двор і раён для Чалавека!!! Вось якая, на мой погляд, асноўная думка аўтараў праекта нашага раёна.