У бакоў судовага працэсу ў Смаргоні аказалася розным разуменне прававога поля23 верасня старшыня суд…

У бакоў судовага працэсу ў Смаргоні аказалася розным разуменне прававога поля

23 верасня старшыня суда Смаргонскага раёна Людміла Пятрова разглядала адначасова 5 адміністрацыйных спраў. Жыхары Смаргоні Петр Аскерка, Аляксандр Будай, Аліна Казачонак, Ілля Петуноў і Вольга Петунова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці, якое адбылося 6 верасня.
Адразу Петр Аскірка правёў нечаканы для суддзі аналіз пратакола аб адміністрацыйнм правапарушэнні. Яму копія пратакола даслана са Смаргонскага РАУС у канверце. Але ў пратаколе адсутнічала дата складання, а замест указання цалкам імя і імя па бацьку сведкаў-міліцыянтаў, як таго патрабуе форма пратакола, стаялі ініцыялы. Іх месцам жыхарства позначаны адрас Смаргонскага РАУС, а не сапраўдныя месцы жыхарства. У копіі пратакола адсутнічалі таксама дадзеныя, што Пётр да складання пратакола азнаёмлены з правамі і абавязкамі. На гэтай падставе ён заявіў, што не лічыць дасланую паперу копіяй дакумента і запатрабаваў вярнуць пратакол у РАУС на дапрацоўку, як патрабуе закон у такіх выпадках.
Але марна. Людміла Пятрова адхіліла хадайніцтва.
Каб падрыхтавацца да працэсу, Вольга і Ілля Петуновы яшчэ за некалькі дзён да судовага паседжання хацелі азнаёміцца з відэазапісам шэсця, які зрабілі супрацоўнікі Смаргонскага РАУС. Але хадайніцтва аб гэтым судом не было задаволена. Тады яны адправілі скаргу ў Гарадзенскі абласны суд. Адтуль адказу не атрымалі, а таму яшчэ раз заявілі хадайніцтва аб азнаямленні з відэаролікам. Гэта хадайніцтва падтрымалі астатнія прыцягваемыя да адказнасці.
Але зноў марна. Суддзя хадайніцтва адхіліла на той падставе, што прагляд будзе забяспечаны падчас агляду матэрыялаў справы. Аднак паколькі гэта робіцца пасля допыту сведкаў-міліцыянтаў, то фактычна людзі былі пазбаўлены магчымасці пабудваць абарону ад паказанняў гэтых сведкаў.
Аляксандр Будай заявіў хадайніцтва аб допуску да ўдзелу ў справе ў якасці яго абаронцы жонкі Вольгі. Такая магчымасць прадугледжана законам.
Але і гэта хадайніцтва Людміла Пятрова адхіліла на той падставе, што Вольга не мае юрыдычнай адукацыі.
Такое ж хадайніцтва заявілі супругі Петуновы, каб мець магчымасць абараняць адзін аднаго на ўзаемнай аснове. І іх хадайніцтва адхілена, але на іншай падстве: такое немагчыма, бо абодва маюць статус прыцягваемых да адказнасці.
Уся гэта палеміка кранала групу прысутных грамадзян-назіральнікаў, якіх было каля 20 чалавек. Хтосьці выказаў нягучнае безадраснае абурэнне, хтосьці ўслых усміхнуўся.
Відавочна, паводзіны прыцягваемых да адказнасці і назіральнікаў вывелі суддзю з сябе. Яна запатрабавала, каб назіральнікі пакінулі залу. Тыя ў здзіўленні замарудзіліся, бо на якой падставе суддзя выдаляе ўсіх, без высвятлення канкрэтных асобаў, якія ёй нейкім чынам заміналі. Тады яна рэзка ўзнялася са свайго месца і ледзь не з крыкам зноў запатрабавала, каб усе пакінулі залу. Людзі падпарадкаваліся. І тут жа з’явіўся “касманаўт” з дубінкай, які ў выкананне даручэння суддзі загадаў усім увогуле выйсці з будынка суда. Зразумела, і гэтаму загаду падпарадкаваліся, папярэдне напісаўшы некалькі скаргаў у адпаведнай кнізе суда.
Суд завяршыўся “раздачай” штрафаў удзельнікам шэсця у памеры ад трох да пяці базавых велічынь.
Каментуючы судовы працэс, Аляксандр Будай выказаў меркаванне, што яшчэ раз пераканаўся, што інстытут права ў нашай “прававой” дзяржаве адсутнічае.

https://m.facebook.com/story.php?story_fbid=1435367673336197&id=100005889330463&sfnsn=mo&extid=tx7jMCP7nhOnkF0b