НЯДЗЕЛЬНАЕ ЕВАНГЕЛЬСКАЕ ЧЫТАННЕ І ПРОПАВЕДЗЬ.”У той час ішлі за Іісусам двое сляпых і крычалі: паміл…

НЯДЗЕЛЬНАЕ ЕВАНГЕЛЬСКАЕ ЧЫТАННЕ І ПРОПАВЕДЗЬ.
“У той час ішлі за Іісусам двое сляпых і крычалі: памілуй нас, Іісусе, Сы́не Давідаў! Калі ж Ён прыйшоў у дом, прыступíлі да Яго сляпыя. І кажа ім Іісус: ці верыце, што Я магу зрабіць гэта? Яны кажуць Яму: так, Госпадзі! Тады Ён дакрануўся да вачэй іх і сказаў: па веры вашай няхай будзе вам. І адкрыліся вочы ў іх; і строга наказаў ім Іісус: глядзіце, каб ніхто не даве́даўся. А яны, выйшаўшы, разне́слі чутку пра Яго па ўсёй зямлі той. Калі ж тыя выхо́дзілі, якраз прывялі да Яго чалавека нямога, апанава́нага дэманам. І калі дэман быў вы́гнаны, нямы пачаў гаварыць. І люд, дзіву даючы́ся, казаў: ніколі такога не здара́лася ў Ізра́ілі. А фарысеі казалі: сілаю князя дэманскага выганя́е Ён дэманаў. І хадзіў Іісус па ўсіх гарадах і пасе́лішчах, ву́чачы ў сінагогах іх, прапаве́дуючы Дабраве́сце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую не́мач у лю́дзях”. (Мф.9:27-35)

У імя Айца, і Сына і Святога Духа!
У сённяшнім евангельскім чытанні мы бачым Хрыста, як Ацаліцеля і Настаўніка.
Ацаленне двух сляпцоў характэрнае, бо яны, звяртаючыся да Іісуса называюць Яго Сынам Давідавым, г.зн. вызнаюць Яго Месіяй, Збаўцай. Са старажытных прароцтваў яны ведаюць, што калі прыйдзе Месія, то ён зможа ацаляць нават сляпцоў, што было абсалютна неверагодным на тыя часы. І вось яны прынародна абвяшчаюць Яго Хрыстом, падводзячы да таго, што Ён, як Месія, можа іх ацаліць! Іісус робіць гэта!
Тое ж адносіцца і да ацалення нямога-апантанага дэманамі. Ніводзін чалавек і ніводзін прарок не меў сілы выгнаць дэмана, але Іісусу гэта пад сілу, бо Ён Сын Божы, Збаўца, Месія.
Такім чынам абодва ацаленні – падцверджанне ісцінасці Іісусава месіянства.
Як немагчыма ні з чым параўнаць цуды Іісуса, так ні на што не падобна і яго навука. Паводзіны Іісуса не ўпісваліся ў традыцыі настаўніцтва ў Ізраілі. Звычайна равін абіраў для сябе нейкае сталае месца жыхарства, навукі і пропаведзі, і ўсе, хто жадаў яго пачуць прыходзілі туды.
Іісус жа пастаянна ў дарозе. Ён сам ходзіць па ўсіх гарадах і паселішчах. Так пазней будуць рабіць і Яго апосталы. Рух дабравесця – адна з асноўных рыс сапраўднага хрысціянства. Калі ў жыцці асобнага хрысціяніна, ці ў жыцці той ці іншай царквы знікае рух – гэта прыкмета таго, што яны перастаюць быць падобнымі да Хрыста, яны губляюць Яго дух, становяцца не па хрысціянску статычнымі, непаваротлівымі.
Евангеліст Матфей тлумачыць, што ёсць рухавіком такой актыўнасці – жаданне падзяліцца радаснай весткай, што Хрыстос – наша ўратаванне, сэнс нашага жыцця, наша радасць, наша надзея і шчасце! І Ён сам ідзе да нас!
Адзінае, што трэба чалавеку – адкрыць Яму дзверы свайго сэрца, даверыцца Яму, стаць Яго вучням. З сённяшняга Евангелля мы бачым як важна для Іісуса навучанне – Ён ходзіць з аднаго селішча ў іншае, каб вучыць, размаўляць, настаўляць. Быць хрысціянінам – значыць быць вучням Хрыста. Не проста выконваць нейкія рэлігійныя абрады, не проста наведваць час ад часу набажэнствы, ці бываць у паломніцтвах, а вучыцца у Хрыста, штодзённа паглыбляцца ў Яго слова, размаўляць з Ім! Амінь!