Але сітуацыя гэтага чалавека з евангельскай прыпавесці ў нечым вельмі адметная. І гэта важна адзначыць. Ці быў ён ліхім чалавекам? Не! Ён быў чалавекам добрым. Ён пазычаў грошы і дапамагаў сваім сябрам. І яго праблема ў тым, што трапіўшы ў складаную жыццёвую сітуацыю ён сказаў сабе: “вось да чаго давяло мяне гэтае дабро да іншых! З-за гэтага дабра сам патрапіў у бяду”.
Ці то ад такога расчаравання, ці то пад уплывам страху ён мяняецца і становіцца жорсткім і безлітасцівым. Яго сітуацыя вельмі характэрная для кожнага з нас.
Лёгка быць добрым, калі ў тваім жыцці ўсё добра.
Лёгка дапамагаць, калі сам не маеш нястачы.
Лёгка быць спагадлівым, калі не маеш уласных праблем.
То ці ж вызваляюць хрысціяніна асабістыя праблемы ад паклікання выяўляць любоў ва ўсіх абставінах жыцця? Хрыстос кажа – не!
Такім чынам, акрамя відавочнай тэмы даравання, Хрыстос праз гэтую прыпавесць ставіць перад намі пытанне пра глыбіню нашай дабрыні, пра трываласць асноваў нашай любові, пра нашу хрысціянскую “стрэсатрываласць”.
Праблемныя, небяспечныя, пагрозлівыя сітуацыі ці неверагодна ўзвышаюць хрысціяніна, ці наадварот могуць перакрэсліць усё раней дасягнутае. Каб не згубіць аднаго дню таго духоўнага капіталу, што маем, трэба трэніравацца рабіць дабро менавіта тады, калі мы самі не ў лепшым стане. Гэта можа нас падрыхтаваць да больш сур’ёзных сітуацый і выпрабаванняў. Амінь!