Разважанні над сённяшнім апостальскім чытаннем. Тэма матэрыяльнага забеспячэння кіраўнікоў хрысціянс…

Разважанні над сённяшнім апостальскім чытаннем.

Тэма матэрыяльнага забеспячэння кіраўнікоў хрысціянскіх абшчын з апостальскіх часоў і дагэтуль ёсць вельмі праблемнай і заўсёды выклікае шмат крыватолкаў. І менавіта гэтую тэму сёння падымае апостал.

Ён ахвяруе жыццё дзеля пропаведзі Хрыстовага Евангелля і разлічвае на падтрымку хрысціянскай супольнасці Карынфу. Апосталу трэба падарожнічаць, а гэта заўсёды звязана з расходамі. Ён разлічвае на тое, што яны дапамогуць яму ў вырашэнні гэтых бытавых пытанняў, падтрымаюць яго служэнне сваімі сродкамі і магчымасцямі. Але знаходзяцца і тыя, якія ставяць яму ў папрок гэтую дапамогу, абвінавачваюць апостала ў дармаедстве.

У адказ на такія абвінавачванні Павел гаворыць пра абавязак хрысціян падтрымліваць таго, хто прапаведуе, як пра абавязак устаноўлены Богам, як пра адзін з Гасподніх запаветаў. Той, хто нясе апостальскае служэнне, служэнне навучання маюць права карыстацца дапамогай хрысціянскай супольнасці, а хрысціянская супольнасць мае абавязак забяспечваць сваіх пастыраў неабходнай падтрымкай.

Але і кіраўнікі абшчын і настаўнікі павінны пазбягаць усялякага злоўжывання, бо падазрэвы ўзнікаюць і на пустым месцы, тым больш яны будуць тады, калі для таго будуць рэальныя падставы. Апостал Павел настолькі дэлікатны ў гэтым пытанні, што адмаўляецца ад такой падтрымкі, каб, як ён кажа, “не зрабіць НІЯКАЙ перашкоды дабравесцю Хрыстоваму”.
З іншых яго тэкстаў мы ведаем, што ён зарабляе грошы працай сваіх рук – пляце кашы, прадае іх і тым забяспечвае сябе.

Такім чынам, у такім непростым пытанні павінна існаваць пэўная далікатнасць і павага з абодвух бакоў, як ад кіраўнікоў хрысціянскіх супольнасцяў, так і ад самых веруючых. Кіраўнікі не злоўжываюць падтрымкай і імкнуцца не ствараць нагодаў да падазрэваў і крыватолкаў, а хрысціянскія супольнасці памятаюць пра свой абавязак падтрымкі сваіх пастыраў і настаўнікаў.