БЕЛАРУСКАЯ ПРАВАСЛАЎНАЯ МІСІЯ У РЭЛІГІЙНАЙ ГІСТОРЫІ ЛАТВІІ. Праваслаўныя суполкі ў латвійскіх землях…

БЕЛАРУСКАЯ ПРАВАСЛАЎНАЯ МІСІЯ У РЭЛІГІЙНАЙ ГІСТОРЫІ ЛАТВІІ.
Праваслаўныя суполкі ў латвійскіх землях існавалі з XII–XIII стагоддзяў. Яны адносіліся да Полацкай епархіі, Кіеўскай мітраполіі Канстанцінопальскага патрыярхату. Такім чынам, праваслаўныя Латвіі праз Полацак мелі духоўныя сувязі з Кіевам і Канстантынопалем на працягу многіх стагоддзяў.
Землі Латгаліі, размешчаныя на ўсходзе сучаснай Латвіі, знаходзіліся пад частковым пратэктаратам Полацкага княства. У прыватнасці, у XII — пачатку XIII стагоддзя на тэрыторыі Латгаліі існавалі ўдзельныя княствы-факторыі Герсікскае і Кукейноскае, якія былі ў саюзе з Полацкім княствам.
Усе гэтыя землі кананічна адносіліся да Полацкай епархіі, Кіеўскай мітраполіі Канстанцінопальскага патрыярхату. Паводле сведчання Лівонскай хронікі аўтарства нямецкага місіянера і летапісца Генрыха Латвійскага (першая палова 13ст.), на тэрыторыі Латгаліі меліся праваслаўныя цэрквы з іконамі і званамі. Таксама і папскі легат Вільгельм Мадэнскі пад 1225 годам згадвае пра хрысціян візантыйскага абраду ў ваколіцах Кукенойса. У ходзе археалагічных раскопак, праведзеных у XX стагоддзі ў Ерсіцы і іншых частках Латгаліі, былі знойдзены нацельныя крыжыкі візантыйскага тыпу, а таксама прадметы царкоўнага начыння, што таксама пацвярджае прысутнасць усходняга хрысціянства ў рэгіёне.
Ерсіка і Кукейнос у XII–XIII стагоддзях былі праваслаўнымі цэнтрамі ў латвійскіх землях, якія кананічна адносіліся да Полацкай епархіі. Таксама і ў суседнім Талаўскім княстве ў пачатку XIII стагоддзя мясцовы князь (valdnieks) Талівалдыс (Tālivaldis), а таксама яго сыны і люд (народ) да ўварвання нямецкіх крыжакоў таксама прытрымліваліся праваслаўя. Згодна з Хронікай Генрыха Латвійскага, у княжацкай рэзідэнцыі ў замку Беверына пры іх знаходзіўся свой праваслаўны латышскі святар. Яшчэ адным цэнтрам праваслаўя ў краі быў горад Рыга, дзе з сярэдзіны XIII стагоддзя існавала праваслаўная царква свяціцеля Мікалая Цудатворца для мясцовых беларусаў – выхадцаў з Полацкай зямлі і для Полацкіх купцоў. Гэты храм упершыню згадваецца ў дакументах 1297 года, калі ён знаходзіўся ў падпарадкаванні полацкага епіскапа, ад якога ў рыжскі прыход пасылаліся святары і іншыя духоўныя асобы, а таксама богаслужбовае начынне. Лічыцца, што гэтую царкву 4 лютага 1438 г. наведаў кіеўскі мітрапаліт Ісідар. Пры гэтым рыжскім храме ў XV–XVI стагоддзях дзейнічаў праваслаўны манастыр.
Калі ў 1184 годзе на латвійскія землі прыбыў лацінскі місіянер Мейнард фон Зегеберг, будучы святы і першы каталіцкі біскуп Лівоніі, ён звярнуўся да полацкага праваслаўнага князя Уладзіміра за дазволам прапаведаваць хрысціянства на яго васальных землях — сярод ліваў, якія насялялі ніжнюю плынь Заходняй Дзвіны. Такі дазвол мог быць прадстаўлены і са згоды полацкага праваслаўнага епіскапа, да духоўнай улады якога адносіліся гэтыя землі.
Аднак пачынаючы з XIII стагоддзя, пасля заваявання краю нямецкімі рыцарамі, праваслаўная місія ў гэтых землях была прыпыненая. Пад уплывам крыжакоў большасць латышоў на захадзе і поўначы краіны прыняла каталіцтва. Затым у эпоху Рэфармацыі — перайшла ў лютэранства. На ўсходзе краіны (Латгалія), якая ўвайшла ў склад Рэчы Паспалітай, зацвердзілася каталіцтва.
У 1559 годзе сучасныя землі Латвіі, якія ўваходзілі на той момант у склад Лівонскага ордэна, прызналі над сабой пратэктарат вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта II Аўгуста. У 1581 годзе горад Рыга канчаткова прысягнуў польскаму каралю Стэфану Баторыю.