Сёння дзень памяці баптысцкага пастара і прапаведніка, які адным з першых пераклаў Біблію на беларускую мову
20 студзеня 1955 года памёр Лукаш Дзекуць-Малей.
Нарадзіўся 1 кастрычніка 1888 года ў праваслаўнай сям’і ў Слоніме. У 4 гады страціў бацькоў.
Быў арыштаваны царскімі ўладамі ў вёсцы Лыскава (каля Пружан) за пратэстанскую пропаведзь. Яго прывязалі да каня і вялі пешшу каля 170 кіламетраў да турмы ў Брэсце.
У 1913–1914 гадах навучаўся на рэлігійных курсах у Пецярбургу.
Удзельнічаў у Гродзенскім беларускім сялянскім з’ездзе 1918 года, быў абраны ў Гродзенскую павятовую раду і Аргкамітэт па скліканні Краёвага Беларускага з’езда Гродзеншчыны.
У 1919 годзе быў арыштаваны польскімі ўладамі за выступленні ад імя Літоўскай дзяржавы.
Удзельнічаў у стварэнні «Грамады беларускай моладзі ў Горадні», быў акцёрам яе драматычнай секцыі.
У 1920 годзе стаў адным з кіраўнікоў Беларускага нацыянальнага камітэта і старшынёй Беларускай школьнай рады ў Гродне. Уваходзіў у прэзідыум Беларускай цэнтральнай школьнай рады, працаваў камісарам сацыяльнага забеспячэння Гродзенскага рэўкама, пазней быў баптысцкім прапаведнікам у Брэсце.
У 1931 годзе разам з Антонам Луцкевічам пераклаў на беларускую мову і выдаў «Новы Запавет і Псальмы».
У час вайны быў прэсвітарам беларускіх баптыстаў на акупаванай нацыстамі тэрыторыі, у 1942 годзе ў Мінску выдаў малітоўнік на беларускай мове.
У канцы вайны пакінуў Беларусь, з 1945 года жыў у Германіі, а з другой паловы 1940-х — у Гданьску, дзе стаў акруговым прэсвітарам баптысцкай царквы.