Ап 2, 29), заклікаючы нас у сённяшніх гістарычных умовах явіць свету абноўленае сведчанне міру, прым…
Будучы перакананымі ў важнасці дыялогу, мы пацвярджаем нашу пастаянную падтрымку працы Міжнароднай змешанай камісіі па багаслоўскім дыялогу паміж Каталіцкай Царквой і Праваслаўнай Царквой, якая цяпер разглядае пытанні, што гістарычна лічыліся крыніцай расколу. Акрамя незаменнай ролі багаслоўскага дыялогу ў працэсе збліжэння паміж нашымі Цэрквамі, мы таксама рэкамендуем іншыя неабходныя элементы гэтага працэсу, сярод якіх — брацкія кантакты, малітва і супольная дзейнасць ва ўсіх сферах, дзе супрацоўніцтва ўжо магчымае. Мы настойліва заклікаем усіх вернікаў нашых Цэркваў, асабліва духавенства і багасловаў, з радасцю прымаць дасягнутыя дагэтуль плады і прыкладаць намаганні для іх пастаяннага росту.
Мэта хрысціянскай еднасці ўключае заданне зрабіць фундаментальны і жыццёдайны ўнёсак у справу міру між усімі народамі. Разам мы рупліва ўзносім свае галасы, заклікаючы Божы дар міру для нашага свету. На жаль, у многіх рэгіёнах зямлі канфлікты і гвалт працягваюць нішчыць жыццё многіх людзей. Мы заклікаем тых, хто нясе грамадзянскую і палітычную адказнасць, зрабіць усё магчымае, каб неадкладна пакласці канец трагедыі вайны, і просім усіх людзей добрай волі падтрымаць наш заклік.
Асабліва мы адкідаем любое выкарыстанне рэлігіі і Божага імя для апраўдання гвалту.
Мы верым, што сапраўдны міжрэлігійны дыялог, далёкі ад таго, каб быць прычынай сінкрэтызму або зблытанасці, з’яўляецца неабходнай умовай суіснавання народаў розных традыцый і культур. Успамінаючы 60-ю гадавіну дэкларацыі Nostra Aetate, мы заклікаем усіх людзей добрай волі сумесна працаваць над стварэннем больш справядлівага і салідарнага свету, а таксама клапаціцца пра стварэнне, якое даверыў нам Бог. Толькі так чалавецтва зможа пераадолець абыякавасць, імкненне да панавання, прагнасць і ксенафобію.
Нягледзячы на глыбокае занепакоенне сучаснай міжнароднай сітуацыяй, мы не страчваем надзеі. Бог не пакіне чалавецтва. Айцец паслаў свайго Адзінароднага Сына, каб нас збавіць, а Божы Сын, наш Гасподзь Іісус Хрыстос, даў нам Святога Духа, каб мы сталі ўдзельнікамі Яго божага жыцця, захоўваючы і абараняючы сакральнасць чалавечай асобы.
Дзякуючы Святому Духу мы ведаем і адчуваем, што Бог з намі. Таму ў нашых малітвах мы даручаем Богу кожнага чалавека, асабліва тых, хто знаходзіцца ў патрэбе, хто цярпіць ад голаду, самоты або хваробы. Мы просім для кожнага прадстаўніка чалавечага роду ўсялякай ласкі і дабраслаўлення, каб «суцешыліся іх сэрцы, злучаныя ў любові, узбагаціліся паўнатой разумення дзеля дасканалага пазнання Божай тайны» (Кал 2, 2), якой з’яўляецца наш Гасподзь Іісус Хрыстос.
Фанар, 29 лістапада 2025 года