5 лістапада 1997 года не стала пісьменніка, перакладчыка і праваслаўнага святара Святаслава Каўша — …

Нарадзіўся 25 снежня 1916 года ў расійскай Разані ў сям’і беларускіх бежанцаў ад Першай сусветнай вайны з Вілейскага павета. Бацька — праваслаўны святар Аляксандр Коўш, сястра — вядомая віленская беларуская актывістка Зоя Коўш.
Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, якую скончыў у 1934 годзе, пасля — на юрыдычным факультэце Віленскага ўніверсітэта. Быў сябрам Беларускага студэнцкага саюза.
Пасля заканчэння ўніверсітэта прыняў сан дыякана і служыў псаломшчыкам у вёсцы Засулле (цяпер Стаўбцоўскі раён). З 1939 года працаваў завучам сярэдняй школы ў тым жа раёне.
Падчас Другой сусветнай вайны быў старшынём Клецкага павета (1941—1944). З 1944 года жыў у Германіі, дзе стаў камендантам беларускага лагера для перамешчаных асоб у Ватэнштэце, арганізаваў беларускую гімназію імя Максіма Багдановіча і пачатковую школу. У 1947 годзе пераклаў на беларускую мову «Рабінзона Крузо» Даніэля Дэфо.
З 1949 года жыў у ЗША. 6 лютага 1969 года быў высвечаны ў святара. У 1969—1977 гадах — настаяцель беларускага прыхода Святога Кірылы Тураўскага ў Рычманд-Гіле (Нью-Ёрк).
З 1970 года — член епархіяльнай рады Беларускай праваслаўнай царквы Паўночнай Амерыкі і Канады. У 1976—1986 гадах быў настаяцелем прыхода Святой Ефрасінні Полацкай у горадзе Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі), а таксама адміністратарам беларускіх праваслаўных прыходаў ЗША і Канады, якія належалі да юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхату.
У 1976—1988 гадах узначальваў Беларуска-Амерыканскі дапамогавы камітэт і быў рэдактарам праваслаўнага часопіса «Царкоўны Сьветач». Выдаваў «Беларускі праваслаўны каляндар».
Аўтар кнігі балад і прозы «Русалчына балада», аповесці «На дарогах вайны» ды іншых твораў.
Пахаваны на беларускіх праваслаўных могілках у Саўт-Рыверы.
Фотапартрэт адноўлены з дапамогай ШІ па групавому фота пасля малітвы за Беларусь у Кангрэсе ЗША. 1979 г.