Яго бацька – рымскі праконсул, кіраваў Фессалонікамі і ўсёй той правінцыяй Рымскай Імперыі. Усё было добра, пакуль на пачатку 4-га стагоддзя не пачаліся ганенні на хрысціян. Як чыноўнік – бацька Дзімітрыя мусіў аддаваць сваіх братоў і сясцёр па веры на суд і смерць, але не рабіў гэтага. На самым пачатку гэтых ганенняў ён памёр.
Яго месца заняў Дзімітрый. І ён таксама замест ганенняў, дапамагаў хрысціянам, рыхтаваў грамаду да непазбежнага пераследу.
Дзімітрый разумеў, што яму самому не пазбегнуць суду і смерці. Таму загадзя раздаў ўсё сваё майно на патрэбы бедных людзей. І чакаў сустрэчы з імператарам Максіміянам Галерыем, якому ўжо паспелі данесці на маладога праконсула, які робіць прама адваротнае загаду імператара.
Вяртаючыся з паходу супраць сарматаў (плямён, што насялялі прычарнаморскія стэпы), Максіміян спыніўся ў Салуні. Імператар адразу пасадзіў праконсула ў вязніцу і стаў забаўляць сябе і жыхароў Салуні гладыятарскімі бітвамі ў цырку. Хрысціян адшуквалі і цягнулі на арэну для забойства.
Пасля шэрагу катаванняў і няўдалых спроб зламаць Дзімітрыя, каб ён выракся хрысціянскай веры, на загад імператара вязнічная варта працяла Дзімітрыя дзідамі ў 306 годзе. Цела вялікапакутніка выкінулі на з’ядзенне звярам, але салуняне таемна пахавалі яго.
У кіраванне імператара Канстанціна Вялікага (324–337 гг.) над магілай вялікамучаніка Дзімітрыя збудавалі храм, а праз сто гадоў былі здабыты яго нятленныя мошчы.
Гэтая базіліка у перабудаваны выглядзе існуе і дагэтуль.
Святы Дзімітрый – адзін з самых шанаваных святых у Грэцыі ад стагоддзяў. Яго шанавалі і ў Беларусі і традыцыя гэта пайшла ад полацкіх князёў.