Гэты ліст Міколай Статкевич даслау́ з-за крат шэсць год таму.
– Да 30-га было ціха. Рыхтавалі “справу” і пісалі штодня па некалькі актаў “за адмову ад працы” Прапанаваў ім складаць такія акты праз кожныя пяць хвілін. Ужо б за тры сотні выйшлі 🙂 ;
– Часу было з’явілася болей, таму стаў больш чытаць. Нядаўна перачытаў апавяданні Салжаніцына. У тым ліку і “Один день Ивана Денисовича”.
Першы раз прачытаў яго яшчэ падлеткам – маці дала той самы нумар “Нового міра” і параіла. Не скажу, каб тое апавяданне асабліва захапіла мяне, але, разам з аповядам маці пра рэпрэсаванага ў 1937 годзе дзеда, канчаткова сфармавала маё стаўленне да сталінізму.
Памятаю яшчэ, як маці расказвала, што яе ледзь не выгналі з інстытута, бо так і не адмовілася ад свайго бацькі. Распавядала, як у дзень пахавання Сталіна яна сказала сваім суседкам па інтэрнацкім пакоі, што трэба не плакаць, а радавацца смерці крывавага забойцы. І як адна з суседак ледзь не біцца да яе палезла.
Дарэчы, маці вельмі раіла мне, падлетку, прачытаць яшчэ і кнігу Міхася Стральцова, хоць яна і выкладала толькі рускую мову і літаратуру. Але я тады так і не сабраўся гэта зрабіць. А ў мінулым годзе прачытаў артыкул пра яго і ўспомніў.
– Тыдзень пісалі штодня акты аб адмове ад працы. Я ад тлумачэнняў адмаўляўся, бо ўсё патлумачыў пісьмова яшчэ 24 сакавіка. Пачалі выносіць спагнанні. Пазбавілі перадачы, кароткатэрміновага спаткання, далі 3-е сутак ШЫЗА, а сёння – 2 месяцы ПКТ.
Сцены ў камеры, дзе мне сядзець 2 месяцы, пафарбаваныя цёмна-сіняй фарбай, вельмі цёмна, дзённага святла няма. Лава вельмі нізкая, а столік – высокі. Калі сядаеш, стол аказваецца на ўзроўні падбародка.
Камера нумар 18, дзе я сядзеў у снежні 2011-га, у тым жа стане, хаця намеснік начальніка абласнога Упраўлення ДВП у 2013 годзе мне бажыўся, што зараз там усё пабеленае.
Ужо сёння напісалі чарговы акт, то бок, будуць павялічваць колькасць спагнанняў. Яшчэ пяць папярэдніх актаў “за адмову ад працы” “не атавараныя”.
Не ведаю, што рыхтуюць – 411-ы артыкул ці “крытую”
– Гатовы да ўсяго. нічога не баюся. Ніякіх прашэнняў пісаць не буду, хаця мне і тут ужо намякалі.
Трымайцеся, сябры! (c)
з Мікола Статкевіч