​Мікола Статкевіч”Прынеслі прысуд болей, чым на 200 старонак. Змест, акрамя працэсуальна неабходных …

Мікола Статкевіч

Прынеслі прысуд болей, чым на 200 старонак. Змест, акрамя працэсуальна неабходных дадаткаў, дакладна супадае з “абвінавачваннем”.

Якраз прачытаў “Тридцать пятый и другие годы” А. Рыбакова – працяг “Дзяцей Арбата”. Там у сцэнах допытаў відавочным было правіла: “Усё, што вы скажаце, будзе абавязкова выкарыстана супраць вас”.

Самыя бяскрыўдныя дзеянні будуць перакручаны і пададзены, як доказы злачынстваў.
У гэтым сэнсе тут мала што памянялася.

Можна толькі здагадвацца, па колькіх яшчэ артыкулах мяне б яшчэ асудзілі, калі б я даваў паказанні “следству” ды выступаў у “судзе”. Ці, хаця б, адмовіўся ад адзіночкі, што мяне прымушалі зрабіць у Жодзіна з дапамогай “музычнай” камеры. Тады б у “справе” дакладна з’явіўся сведка – мой сукамернік з паказаннямі пра мае таемныя “прызнанні” яму ў “страшных злачынствах” .

Праўда, адсутнасць іншых артыкулаў у “прысудзе” кампенсавання асобым рэжымам пакарання. Нарэшце набыў КВК і разабраўся, што за рэжым. Ён гібрыдны – мінімум, траціну тэрміну трэба адбыць у турме (ПКТ). Толькі пасля гэтага могуць перавесці ў атрад, дзе можна знаходзіцца пад адкрытым небам, займацца ў вольны час сваімі справамі, бачыць траву і дрэвы, стасавацца з тымі людзьмі, з якімі хочаш. У турме ўсяго гэтага няма. Нават з кім табе ўвесь час знаходзіцца побач, будуць выбіраць іншыя. Са сваімі пэўнымі мэтамі.

А улічваючы, што непазбежна паўстане пытанне “памілаванні”, то выбар будзе скіраваны на прымушэнне мяне да гэтага.

Карацей, як некалі пасля першай “крытай” казалі мне людзі з турэмнага свету – “спакойна сядзець Вам не дадуць, таму, калі можаце вытрымаць, то ідзіце на “адзіночку”.

Дарэчы, прачытаў ва УИК, што для асобага рэжыма ёсць такое пакаранне – перавод са звычайнай камеры ў адзіночную на тэрмін не болей за 6 месяцаў. А калі я сам туды пайду, то так мяне ўжо не пакараюць

19.12.21 СІЗА 3