Гэты год Лукашэнка абвясціў Годам беларускай жанчыны. У інтэрнэце з гэтага ўжо іранізуюць: маўляў, п…

Гэты год Лукашэнка абвясціў Годам беларускай жанчыны. У інтэрнэце з гэтага ўжо іранізуюць: маўляў, паводле Усходняга календара гэта ўвогуле Год Каня. Але смяяцца тут хочацца менш за ўсё.

Бо так званы «Год беларускай жанчыны» многія разумныя, смелыя і моцныя беларускі сустрэлі не з кветкамі і віншаваннямі, а за кратамі. У камерах, у СІЗА, у зняволенні — за сваю пазіцыю, за праўду, за годнасць. За тое, што не маўчалі.

Сёння жанчыны ў беларускіх турмах пазбаўленыя нават базавай чалавечай павагі. Ім не выдаюць неабходных сродкаў гігіены, іх прымушаюць прасіць самае элементарнае, часта — ў мужчын-надзіральнікаў, перажываючы прыніжэнне і страх. Жанчын-палітзняволеных прымушаюць выконваць цяжкую працу, не звяртаючы ўвагі нават на кодэксы і законы аб працы. Жанчын пазбаўляюць медыцынскай дапамогі. Гэта не «год жанчыны». Гэта — сістэмны гвалт над ёй.

Калі дыктатар сапраўды вырашыў назваць гэты год Годам беларускай жанчыны, то першы і абавязковы крок — вызваліць усіх жанчын-палітвязняў. Вярнуць ім свабоду, здароўе, імёны і будучыню. Усё астатняе — пустыя словы і цынічная дэкарацыя.

Беларускія жанчыны заслугоўваюць не лозунгаў, а свабоды.