У тэрарызме абвінавачваюць моладзь, жанчын, людзей з інваліднасцю, пенсіянераў. І не за бомбы ці гвалт, а за словы, думкі, салідарнасць, волю. За ўдзел у мірных ініцыятывах — адукацыйных, медыцынскіх, дабрачынных. За падтрымку Украіны. За жаданне жыць у свабоднай краіне.
Гэтая хлуслівая рыторыка стварае атмасферу страху. Людзі баяцца гаварыць, чытаць незалежныя СМІ, ставіць лайк. Бо сёння — твая думка, заўтра — «экстрэмізм», а паслязаўтра — «тэрарызм».
Асабліва балюча, калі «тэрарыстамі» абвяшчаюць людзей з анкалогіяй ці іншымі цяжкімі хваробамі. У турмах яны застаюцца без належнай меддапамогі і гінуць. Гэта не правасуддзе — гэта катаванне.
Мы зноў і зноў кажам: хопіць. Беларусь не павінна быць краінай, дзе за сумленне — турма. Мы заклікаем міжнародную супольнасць не маўчаць. І падтрымаць тых, чый голас сёння спрабуюць заглушыць гвалтам.