Як вядома, палякі, у сваёй большасці, даволі грэбліва ставяцца да рускай мовы. Калі я спрабаваў спытаць што-небудзь па-руску, у разліку на тое, што руская мова палякам бліжэй, скажам, міжнароднай-ангельскай, ў адказ, нават калі відавочна чалавек мяне разумеў, я бачыў насупленыя бровы і чуў нешта на конт: “Тылко в йезыку польскім, люб по ангйельску.” Самому сабе я не хлусіў ніколі, таму, у выніку, я запытаў сябе: “А з якой нагоды я, ураджэнец Беларусі, лезу да палякаў са сваім гэтым рускім? Ды й з якой нагоды гэты рускі мне “свой”? Чаму не чакаю ад іх (нават калі замест ангельскай) разуменьня сапраўдна маёй мовы – беларускай??? А гэта ўжо пытаньне рытарычнае – адсюль і балючая зайздрасць – беларусы па-беларуску не размаўляюць… Канешне, я чуў пра статыстыку апытанняў – маўляў, ледзь не палова беларусаў ужываюць ва ўжытку сваю родную мову… Але ж – статыстыку чуў, а мову – не. Калі быць шчырым – у сваёй краіне я сустракаю беларускую гаворку (калі не ўлічваць СМІ і грамадскі транспарт) не часцей, чым ангельскую, ці напрыклад, нямецкую. Калі я абвясціў сваім блізкім, што ў 2020-м годзе я цалкам перайду на беларускую мову, то спачатку пачуўся рогат, а пасля, паўжартам мне сказалі, маўляў: “В таком случае, видимо, нам придётся перестать общаться, потому что мы не знаем белорусского языка, а учить его сейчас не видим смысла…” Гэта казалі людзі, якія вучыліся са мной ў адной школе.
Гэта жудасна горкая праўда. Я бачу, як наша грамадства, “паспяхова” русіфікавана, і ў пераважнай большасці, жыве не напружваючы сваіх грамадзянскіх і нацыянальных мускул і звілін, цалкам здавольваючыся задавальненнем толькі прымітыўных, спажывецкіх і бытавых патрэб – усё як таго хацеў калісь яшчэ людаед Джугашвілі-Сталін, які, у свой час, пачаў папросту з прыказу зрабіць беларускую мову падобнай да рускай.
Але ж абсурдна і нясцерпна крыўдна менавіта тое, што дыскрымінацыйны замер Сталіна, які звычайна жорстка распараджаўся лёсамі людзей і нават цэлых нацый, давяла да крайнасці, або наўмысна, ці з маўклівага папушчальніцтва, непасрэдна ўласная Беларуская ўлада. Ці кажучы больш канкрэтна – уладар, самаабвешчаны і нязменны вось ужо чвэрць стагоддзя.
Сёння модна лічыць сябе ўладальнікам нязломнай і непахіснай асабістай індывідуальнасці, але пры гэтым, амаль дзесяць мільёнаў чалавек апынуліся папросту перапраграмаванымі на чужаземную гаворку зносін і мыслення.
І ці варта лічыць супрацьпраўнымі сённяшнія патрабаванні да Беларусі з боку расейскай улады – увайсьці ў склад РФ, калі наша, Беларуская зямля, населена, у асноўным, рускамоўнымі жыхарамі, многія з якіх высмейваюць беларускую мову (родную ад нараджэньня!), называючы яе “калхознай”? Як, нават радавому расейцу, наведваючы Беларусь, зразумець розніцу паміж дзвюма нашымі краінамі (улічваючы, напрыклад, што у расейскай Калужскай вобласьці, “гэкаюць” гэдак жа, як і многія Беларусы) калі яму тут, банальна, не даводзіцца сутыкнуцца з моўным бар’ерам, і хоць у нейкай меры адчуць сябе госьцем, што абсалютна нармальна для турыста з любой краіны, хай нават і з суседняй.