Чаму байкот няўміручы?Калі так, то чаму ж заклікі да байкоту абавязкова зьяўляюцца па меры набліжэнь…

Чаму байкот няўміручы?
Калі так, то чаму ж заклікі да байкоту абавязкова зьяўляюцца па меры набліжэньня выбараў? Парадаксальна, але беларускія заклікі да байкоту вельмі падобныя на беларускія выбары. Выбараў няма, гэта адно рытуал? Дык тое самае і байкот. І байкоту няма, і ніколі спробы яго зладзіць не былі пасьпяховымі. І як і выбары, нічога ён ня зьменіць.
Бабуля ў Клімавічах ці рабацяга ў Наваполацку ідуць на выбары пераважна не таму, што так ужо спадзяюцца на перамогу апазыцыянэра або вераць, што хаця б галасы там падлічаць сумленна. Хутчэй са стэрэатыпу пра народаўладзьдзе, з уяўленьня, што калі яны беларусы — дык трэба ім на беларускія выбары ісьці. Паложана — што тут беларусу яшчэ далей тлумачыць?

Рытуал, які выконваюць шмат людзей, ніколі не бывае зусім ужо пустым. Яго сэнс хаця б у аб’яднаньні, гуртаваньні людзей, якія яго выконваюць. Адносна беларускіх выбараў — ён пераважна менавіта ў гэтым.

Дык і ў закліках да байкоту, у кампаніях за байкот — толькі ў гэтым. Адэпты байкоту і самі ведаюць, што мільёны іх голас проста не пачуюць, ня кажучы ўжо што падтрымаюць. Ведаюць таксама, што ніколі той байкот у Беларусі ня быў пасьпяховым і блізка. Ну і што? Іх высілкі, іх кампанія мае сэнс у іх яднаньні з аднадумцамі на гэты конт.

У маштабах краіны гэта вельмі няшмат. Але ў маштабах «ФБ-бурбалкі» — гэта армія, гэта мора. Для некага гэта — сьведчаньне ўласнай маральнай дасканаласьці. Але гэта і лайкі, і шэры, і камэнты падтрымкі: і я за байкот, і я. Бачыце, пераважная большасьць за. Ну так, у «ФБ-бурбалцы». А хіба ёсьць яшчэ нейкая Беларусь, акрамя яе?

Ну і вера ў цуд. А раптам нас усё ж пачуе ня толькі свая фрэндстужка, а народ. Так і сапраўды часам здараецца. Дарэчы, і ў хаджэньні на выбары ёсьць, прынамсі, у некаторых, гэты элемэнт веры ў цуд. Бываюць жа ў сьвеце так званыя «перакульныя выбары», якія дыктатары ладзяць, каб праштампаваць чарговы раз сваю перамогу, але ў выніку прайграюць.
Рытуалы і рэальнасьць
І ў гэтым два беларускія рытуалы вельмі падобныя. Праўда, у адным рытуале — выбарах — удзельнічаюць мільёны, у другім — у кампаніях байкоту — істотна менш.

Але высьвятляецца, што і людзі, як сказана ў Пісаньні, «простыя і някніжныя», і вытанчаныя інтэлектуалы насамрэч адрозьніваюцца адны ад адных менш, чым ім самім здаецца. Формы іх рытуалаў часам і адрозьніваюцца, сэнс, прадвызначэньне рытуалаў — прыкладна аднолькавыя.

Дык ці варта дакараць людзей за тое, што яны абʼядноўваюцца вакол рэчаў, якія на першы погляд ня маюць ніякага дачыненьня да рэальнасьці? Іх адзінства — гэта іх рэальнасьць. Магчыма, адзіная ім даступная.

Ю. Дракахруст
https://www.svaboda.org/a/29751081.html

Кампанія за байкот выбараў як рытуал

Рытуал, які выконвае шмат людзей, ніколі не бывае зусім ужо пустым. Яго сэнс хаця б у аб’яднаньні, гуртаваньні людзей, якія яго выконваюць. Адносна беларускіх выбараў — ён пераважна менавіта ў гэтым. Дык і ў закліках да байкоту, у кампаніях за байкот — толькі…