З NN я пазнаміўся ў Слуцку, за тыдзень да выбараў, на мітынгу ў падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай, куды мяне запрасілі пасьпяваць. Пасьля мітынгу была невялікая бяседа ў слуцкіх сяброў. Стол, песьні, размовы пра будучыню. Якая прыйшла неўзабаве. І якую ніхто ня мог спрагназаваць. N – будаўнік. Супрацоўнік пасьпяховага дзяржаўнага прадпрыемства. Гэта – сапраўдны беларус і зьнешне, і ўнутрана. Спакойны, разважлівы, з прыроднай беларускай мовай. Без лішніх эмоцый і разам з тым, у позірку, адчуваецца рашучасьць. Ён – адзін з тых нешматлікіх ініцыятараў акцый супраціву, якія нідзе не фіксаваліся і нікому не вядомыя. А яшчэ ён зусім не паддаўся аптымістычнай эўфарыі, якую я часта сустракаю сярод знаёмых і не знаёмых людзей. Бо сярод свайго невялікага калектыву ён адзіны, хто пайшоў да канца. Давёў сваю асабістую забастоўку да звальненьня. Чаму, дарэчы, і ня хоча называць ні свайго імя, ні назву сваёй фірмы. Каб не падставіць начальства, якое ўгаворвала добрага спэцыяліста да канца. І звольніла не па артыкуле.
Пасьля 16-га жніўня ўсё ішло да ўсеагульнай забастоўкі. І мы таксама на працы пра гэта думалі. Калектыў у нас невялікі. Калектыў дружны, зарплаты добрыя – ад тысячы да паўтары рублёў. Ёсьць чаго баяцца згубіць. Таму да выбараў усе маўчалі. Ніхто нічога не казаў падчас перадвыбарнай кампаніі. Але пасьля гэтых падзей, пасьля гэтых разгонаў-катаваньняў і ў нас усе загудзелі. Дамовіліся не выходзіць. Далучацца да страйку. Нас, напэўна, чалавек пяць было, актывістаў. З паўсотні. Мы пайшлі да начальніка – так і так, не выходзім. Той – “я не знаю, хлопцы. Напішыце, лепш, за свой кошт адпачынак, і ідзіце байстуйце. Ну вас на хран з вашай палітыкай”. Карацей, нас дваіх, самых актыўных, адправілі ў адпачынак “за свой кошт”. І той хлопец вярнуўся праз два тыдні. А я вырашыў – не. Праз сваё сумленьне пераступаць ня буду. Карміць гэты рэжым я ня буду. Напісаў заяву, разьвярнуўся і пайшоў. Са ста чалавек – я адзін.
Мяне не хацелі звальняць. Я на добрым рахунку. Спрабавалі ўгаварыць. Званілі і галоўны інжынэр, і з аддзела кадраў. Але я не мог там застацца. Бо куды ідуць мае падаткі? На якія патрэбы? Толькі на падтрыманьне гэтага рэжыму. Больш нікуды. Ні на мэдыцыну, ні на адукацыю. Для чаго я буду працаваць на гэты рэжым?
Куды мы ідзем я бачыў ад 1994-га году. Як ён пачаў перарабляць сьцягі на рэфэрэндумах, пад сябе рабіць канстытуцыю. А ў нулявых ужо стала цалкам зразумела, хто намі кіруе. Я ніколі за яго не галасаваў. У 94-м аддаў голас Шушкевічу.
Я сто разоў пра гэта думаў. І з жонкай раіўся. Але, не мог інакш. Лепш згубіць працу, чым сумленьне. Пераступаць праз свае прынцыпы вельмі цяжка. І вяртацца ў калектыў, калі я быў там, па сутнасьці, завадатарам… І пасьля вярнуцца падціснуўшы хвост. І што сказаць? “Не палучылася”? “Давайце дальшэ работаць”? Гэта не для мяне.
Я расчараваны многімі сваімі калегамі па працы. Яшчэ да выбараў, калі мусіў адбыцца мітынг Ціханоўскай, з нашай арганізацыі затрымалі майго сябра. Пратрымалі выходныя і прысудзілі штраф. Я падняў на працы шум. Сабраў подпісы са ўсіх. Падпісаліся ўсе, акрамя начальніка. Зварот да начальніка міліцыі, што незаконна затрыманы наш калега і мы ўсе выражаем заклапочанасьць і патрабуем яго вызваленьня. Я думаў, што з гэтым пісьмом пойдзе нейкая хваля. Бо ўсе хлопцы былі абураныя. Ні за што затрымліваюць ды яшчэ б’юць! Праўда, у Слуцку ня моцна білі. Не так, як у Менску ці Салігорску. У Салігорску не хапала месца і іх адвозілі ў Слуцкі КПЗ. Моцна былі зьбітыя, паламаныя рукі, разьбітыя галовы. Але пабухцелі і ўсё пасьля заціхла. Усе пайшлі на працу, як нічога і не было.