Хто падзабыўся, як пісаць – “вЯсковы” ці “вЕсковы”, “нЯ трэба” альбо “нЕ трэба” – для вас сённяшняя граматыка на тэму якання.
Яканне – гэта пераход галосных о, э з папярэдняй мяккасцю ў а з папярэдняй мяккасцю ў першым складзе перад націскам, альбо, калі казаць папросту, пераход е, ё ў першым складзе перад націскам у я. У нашай мове гэта не толькі норма вымаўлення, але і норма правапісу.
Звярніце ўвагу на тое, што ў выпадку з часцінкай не і прыназоўнікам без гэтае правіла ў частцы правапісу не працуе. Нягледзячы на тое, што вымаўляць спалучэнні кшталту не быў, не трэба, без жартаў, без нас мы мусім з яканнем (нЯ быў, нЯ трэба, бЯз жартаў, бЯз нас), паколькі не і без не маюць свайго націску, прымыкаюць да знамянальнага слова і фактычна аказваюцца ў пазіцыі перад націскам, яны, паводле сучаснага правапісу, мусяць пісацца з літарай е. Хоць, напрыклад, паводле граматыкі Тарашкевіча і ў сённяшнім класічным правапісе, у такой пазіцыі яны пішуцца з я.
Яканне распаўсюджваецца на ўласнабеларускую лексіку, а таксама на ўласныя назвы славянскага паходжання: вясковы, зямля, няхай, Яфі́м, Яфрэмаў. Аднак яно не адбываецца ў пераважнай большасці запазычанняў з неславянскіх моваў: калектыў, легенда, берэт, метро, а таксама пасля заднеязычных г, к, х: кефір, герой, гербарый. Вылучаецца толькі невялікая група старых адаптаваных запазычанняў з неславянскіх моваў, у якіх развілося яканне: дзяжу́рства, калянда́р, сяржант.
З’яву якання не варта блытаць з выпадкамі, калі я з’яўляецца каранёвым. У такім разе яно захоўваецца незалежна ад націску: ві́цязь, су́вязь, за́яц, яравы́, вяза́ць, ме́сяц, па́мяць і інш. Літара я таксама пішацца ў паслянаціскных складах у некаторых суфіксах назоўнікаў (бо́язь, дро́бязь) і дзеясловаў (ла́яць, ве́яць, се́яць, ка́шляць, ба́яць, му́ляць), а таксама ў аддзеяслоўных назоўніках (ла́янка, ве́ялка, се́ялка).