Ці ведалі вы, што існуе ажно тры пісьмовыя сістэмы беларускай мовы: кірыліца, лацінка, арабская вязь?
Першай сістэмай пісьма (алфавіт), якой пачала карыстацца беларуская мова ўжо ў старабеларускі перыяд, была кірыліца (першыя беларускія пісьмовыя помнікі на кірыліцы датуюцца 14 ст.) У пачатку 18 стагоддзя пры Пятры І была праведзена рэформа кірыліцы і быў створаны грамадзянскі шрыфт (так званая грамадзянка), які стаў асновай для ўсіх сучасных сістэм кірылічнага пісьма. Паводле адной з версій, грамадзянскі шрыфт быў распрацаваны беларусам Іллём Капіевічам (Гільяшом Капіеўскім).
Лацінка пачала прымяняцца ўжо ў 17 ст. (Хронікі Быхаўца) разам з пашырэннем каталіцызму. У 19 ст. ёй карысталіся многія беларускія паэты і пісьменнікі, што адначасова пісалі па-беларуску і па-польску (Ян Чачот, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, адозвы Кастуся Каліноўскага ў «Мужыцкай праўдзе», часткова газеты «Наша доля» і «Наша ніва» і інш.) Пасля рэвалюціі лацінка ўжывалася на тэрыторыі Заходняй Беларусі, у час 2-ой Сусветнай вайны – на акупаваных тэрыторыях, а ў пасляваенны час выкарыстоўвалася пераважна беларускай дыяспарай. Адраджэнне беларускай лацінкі на тэрыторыі Беларусі адбывалася ў 90-ыя гады (так званы «самвыдат», часопісы «Фрагмэнты», «Архэ», газета «Наша ніва» і інш.)
У 2009 годзе прыняты новы, афіцыйны варыянт лацінкі, прапанаваны Акадэміяй Навук РБ (зацверджаны ў ААН). Нядаўна яго можна было ўбачыць, напрыклад, на схемах беларускага метрапалітэна. Мэта – прапанаваць беларускую сістэму транслітарацыі.
У 14 ст. на тэрыторыю Беларусі трапляюць татары (палонныя і перасяленцы з Залатой Арды), якія паступаюць на вайсковую службу ў ВКЛ. Паколькі гэта пераважна мужчыны, яны ўступаюць у шлюб з мясцовымі жанчынамі. Дзеткі, народжаныя ў такіх сем’ях, застаюцца мусульманамі, але засвойваюць гутарковую беларускую мову ад сваіх маці. Да нас дайшлі кітабы – кнігі, напісаныя па-беларуску арабскай вяззю (легенды, казкі, апісанні мусульманскіх рэлігійных абрадаў). Парадокс у тым, што мова кітабаў бліжэй да народнай беларускай мовы, чым старабеларуская пісьмовая мова.