#граматыкаКалі мы ставім апостраф?Упершыню значок апостафа выкарыстаў у сваёй “Беларускай граматыцы …

#граматыка

Калі мы ставім апостраф?

Упершыню значок апостафа выкарыстаў у сваёй “Беларускай граматыцы для школ” Браніслаў Тарашкевіч.

Цікава, што паміж сучасным рускім ъ і нашым апострафам нельга паставіць знак роўнасці, як гэта часта памылкова робяць. Па-першае, апостраф ставіцца не толькі пасля прыставак і першых частак слова, але і ў іншых пазіцыях у слове: сям’я, Лук’ян, куп’е. Па-другое, апостраф можа стаяць не толькі пасля цвёрдага зычнага гука, як у словах п’е, надвор’е. Паводле нормаў беларускага вымаўлення, ёсць выпадкі, калі зычны гук перад апострафам гучыць мякка. Гаворка ідзе пра гукі з і н, напрыклад, у словах з’езд, з’ява, кан’юнктура. Дарэчы, паводле дарэформавага правапісу (т. зв. тарашкевіца) у словах пасля прыстаўкі на з пішацца мяккі знак: зьезд, зьява, каньюнктура.

Такім чынам, апостраф пішам у наступных выпадках:

– пасля прыставак, якія заканчваюцца на зычную, перад е, ё, ю, я і націскным і: ад’езд, з’езд, аб’ём, аб’ява, раз’юшаны, уз’яднаць, пад’ём, аб’інець;

– у сярэдзіне слова пасля губных б, в, м, п, ф, заднеязычных г, к, х, а таксама д, т і зацвярдзелых перад е, ё, і, ю, я: б’ю, п’ю, інтэрв’ю, сям’я, Дзям’ян, Лук’ян, Мар’я;

– у складаных словах з першай часткай двух-, трох-, чатырох-, шмат- перад е, ё, ю, я: двух’ярусны, трох’ярусны, чатырох’ядзерны, шмат’ёмісты;

– у запазычаных уласных назвах апостраф захоўваецца на тым самым месцы, што і ў мове-крыніцы: О’Генры, Кот-д’Івуар.

Звярніце ўвагу, што ніколі не пішам апостраф пасля ў нескладовага: здароўе, з любоўю, салаўі. А таксама ў складаных і складанаскарочаных словах паміж іх часткамі: тэхячэйка, дзяржюрвыдавецтва.