Набліжаецца чарговая гадавіна абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Ці ведаеце вы, якія месцы ў сталіцы звязаныя з гэтай падзеяй?
Менскія адрасы БНР
Купалаўскі тэатр
Усё пачалося ад Усебеларускага з’езда ў снежні 1917 года ў будынку гарадскога тэатра, дзе сёння месціцца Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Янкі Купалы. Ад таго з’езда бярэ пачатак і Беларуская Народная Рэспубліка, і Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, бо на тым з’ездзе былі дэлегаты, якія потым ініцыявалі стварэнне БССР, як той жа Зміцер Жылуновіч, Аляксандр Чарвякоў і іншыя. На падставе рады, якая была ўтвораная тым з’ездам, потым была сфармаваная Рада БНР.
Музычная гімназія-каледж на плошчы Свабоды
21 лютага 1918 года рада Ўсебеларускага з’езда прыняла першую Устаўную грамату да народаў Беларусі. Гэта адбылося ў адным з будынкаў былога Мінскага езуіцкага калегіума, які на пачатку XX стагоддзя быў вядомы як Дом губернатара. Зараз тут Рэспубліканская гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
Дом па Серпухаўскай, 13
У сярэдзiне сакавiка 1918 года Народны сакратарыят арандаваў залу ў сялянскага пазямельнага банка на трэцiм паверсе для сваiх паседжанняў. Менавiта тут 25 сакавiка ў восем гадзiнаў ранiцы былi прынятая Трэцяя ўстаўная грамата, у якой абвяшчалася незалежнасць Рэспублiкi.
Сёння мінчукі добра ведаюць гэтае месца, як вуліцу Валадарскага і дом №9. Яшчэ з савецкiх часоў тут на першым паверсе месцiцца “Чабурэчная”.
Штаб-кватэра Скiрмунта
А акурат насупраць дома БНР была штаб-кватэра Рамана Скiрмунта, калi можна яе назваць штаб-кватэрай. Якраз тут знаходзiлася Менскае беларускае прадстаўнiцтва, сябры якога былi кааптаваныя ў Раду БНР. Сярод iх былi Алексюк, Уласаў. Вераемна, у гэтым iмпазантным будынку ў такiм эклектычным стылi а-ля ракако i праходзiлi паседжаннi Менскага беларускага прадстаўнiцтва, яно прадстаўляла такую “правiцу”.
Юбілейны дом
Жоўты дом, якi старыя мiнчукi завуць “дом, якi на шакаладках” (бо яго выява змяшчалася колiсь на цукерках). А ў нашай гiстарыяграфii ён завецца Юбiлейным домам. Гэта колiшнi царкоўна-археалагiчны музей. Менавiта ў гэтым будынку знаходзiлiся шмат якiя ўстановы Беларускай Народнай Рэспублiкi, там працаваў сакратарыят.
Касцёл св. Язэпа
У часы БНР быў наноў асвечаны касцёл Святога Язэпа (Юзафа) на вулiцы Кiрылы i Мяфодзія, 4. Яго пакiнулi рускiя войскi — i будынак некаторы час стаяў пусты. Тут таксама прайшло ўрачыстае набажэнства. Упершыню з 1863 года касцёл быў адкрыты для вернiкаў.