Вусная гісторыя – што гэта такое, і як спрычыніцца да яе стварэння?
Вусная гісторыя — гэта накірунак у гістарычных даследваннях, заснаваны на метадзе стварэння вуснага ўспаміна, як аўтабіяграфічнай (тэматычнай) гістарычнай крыніцы, і яго аналізе з дапамогай міждысцыплінарных методык; сацыяльная практыка трансляцыі і перадачы памяці, а таксама рэканструкцыі і фіксацыі індывідуальнай ці калектыўнай ідэнтычнасці (сямейнай, канфесійнай, нацыянальнай, прафесійнай і інш.)
Правілы запісу вуснага ўспаміна
Калі Вы хочаце скласці вусную гісторыю сваёй сям’і, вёскі, парафіі, прафесійнай супольнасці ці інш. Вам неабходна:
Знайсці рэспандэнта(ў). Дамовіцца на сустрэчу ў зручны для іх час, пацікавіцца пра здароўе і колькасць часу, які можа быць адведзены на інтэрв’ю. Вельмі важна, каб увагу не адцягвалі хатнія справы ці кепскі стан здароўя. Патлумачце чаму патрэбна, каб успамін быў запісаны.
Для інтэрв’ю Вам спатрэбяцца наступныя прылады: дыктафон, відэакамера, фотаапарат, а таксама нататнік, спіс пытанняў (апытальнік) і асадка. Запісваць лепш адначасова на камеру і дыктафон. Папрасіце кагосьці са знаёмых сачыць за запісам на камеру падчас інтэрв’ю.
Перад інтэрв’ю даведайцеся ўсё максімальна магчымае пра рэспандэнта з розных крыніц і складзіце пералік найбольш важных пытанняў, якія хочаце задаць. Яны могуць тычыцца асноўных анкетных дадзеных (прозвішча імя, імя па бацьку, дзявочае прозвішча, дата і месца нараджэння, адукацыя, месцы працы), а таксама этапаў жыцця чалавека (даваеннае жыццё, рэпрэсіі, пачатак вайны, вайна, Халакост, пасляваеннае жыццё і праца, смерць Сталіна, Чарнобыльская катастрофа, стварэнне сям’і, смерць блізкіх і інш.). Калі цікавіць гісторыя сям’і – задаюцца пытанні пра усіх членаў сям’і, гісторыя вёскі – пра вёску і г.д.
Перад інтэрв’ю, асабліва калі здымаеце на камеру, папрасіце рэспандэнта добра апрануцца, звярніце ўвагу на яго знешні выгляд. Праверце ці працуе дыктафон і камера, ці хопіць зараду батарэек.
Перад тым, як пачаць размову трэба прадугледзець адсутнасць пабочных гукаў, якія б маглі перашкаджаць запісу (размовы іншых людзей, гул тэхнікі, ветру і г.д.). Выбраць зручнае месца для Вас і для рэспандэнта.
Больш карысных парадаў па складанні вуснай гісторыі тут: https://www.movananova.by/zaniatki/zanyatki-163/slounik-vusnaya-gistoryya.html