#тэорыямовыПагаворым пра айконімы, то бок назвы населеных пунктаў.Большая частка айконімаў узнікла ў…

#тэорыямовы

Пагаворым пра айконімы, то бок назвы населеных пунктаў.

Большая частка айконімаў узнікла ў глыбокай старажытнасці. Паколькі да прыходу і рассялення славянаў значную частку тэрыторыі сучаснай Беларусі засялялі балты, захаваўся цэлы шэраг балцкіх па паходжанні назваў населеных пунктаў:

вёска Бакшты – балт. ‘вежа, высокая прыбудова’;
сяло Балойкі  – ад balá – ‘балота’; 
вёскі Кімяны і Кемяны – ад балт. кiminas – ‘мох’;
сяло Домуці – ад domús ‘ цікаўны’, domèjimasis ‘праяўляць цікаўнасць’;
сяло Жвірблі – ад žvirblis ‘верабей’;

а таксама да балцкіх назваў адносяць ДайновуЯцвезьКейданыВазгелыДзякшняны, Гейстуны, ГірстуныВерцялішкі  і інш.).

У Беларусі існуюць таксама айконімы цюркскага (КанашыКарацкКобызіМурза) і фіна-ўгорскага (Еўлашы, ІжаІканыІсаКойры) паходжання. 
Некаторыя спрадвечна беларускія назвы зведалі змены пад уплывам польскай мовы (Гродна, а не Гародня, Брэст, а не Берасце, Навагрудак, а не Наваградак). А ў савецкія часы, калі пачалася эпідэмія перайменаванняў, з’явіліся шматлікія назвы рускага паходжання.

Часцей за ўсё назвы населеных пунктаў гістарычна ўтвараліся ад:

назваў рэк і азёраў (в. Бесядзь ад р. Бесядзь, г. Вілейка ад р. Вілія, мястэчка Зэльва ад р. Зальвянка);

прозвішчаў, мянушак людзей (в. Александрыя, г. Дзяржынск, в. Бародзічы, в. Няверавічы);

роду дзейнасці людзей (г. Чаўсы – ад цюркск. назвы чаус – ‘ніжэйшы ранг ваеначальніка’, в. Бортнікі, в. Ганчары, в. Муляры, в. Ткачы)

назваў плямёнаў, народаў (с. Шведы, с. Жэймяны – ад назвы выхадцаў з гістарычнай вобласці Літвы Жэмайціі, с. Пруска);

асаблівасцяў рэльефу, мясцовасці (г. Рэчыца, в. Плёсы, в.Балотная, в. Роўнядзь);

тыпаў паселішчаў, пабудоваў (Гродна, в. Свіраны, г. Паставы)

назваў жывёлаў і птушак (г.п. Бобр, с. Жораўка, Дразды, в. Казяброддзе, Казейкі, Казлы);

назваў раслін (г. Дуброўна, с. Дубрава, с. Дубровіца, с. Крапіўна, с. Рэпкі, Рэпнікі)

назваў аб’ектаў матэрыяльнай культуры (с. Жорнаўка – жорнаў, г. Шклоў) і інш.

Па словах праф. Валянціны Лемцюговай, “ні ў адной цывілізаванай краіне свету нацыянальная тапанімія не зазнала такога глумлення, як у Беларусі”. Сапраўды, у савецкія часы многія аўтэнтычныя назвы населеных пунктаў былі замененыя на “ідэалагічна правільныя”. Так, напрыклад, ахвярай такога перайменавання стала вёска с старажытнай назвай Мондзін (паходзіць ад нямецкага монд ‘месяц’). Спачатку яна была перайменаваная ў Сиреневку, якая па-беларуску пачала пісацца Сярэнеўка, а потым, каб пазбегчы немілагучнай аманіміі – ужо ў Чаромушкі.

Паколькі часта ў рэестрах назваў населеных пунктаў не ставіўся націск – гэтыя назвы чыноўнікамі чыталіся няправільна і таму часам траплялі ў шэраг абразлівых, як у выпадку з назвай вёскі Холуі (з націскам на першым складзе, бо холуй – гэта ‘пясчаны нанос на беразе ракі’), якая была перайменаваная нібыта за абразлівае для яе жыхароў гучанне. Як піша Валянціна Лемцюгова, прыкладамі тапанімічных кур’ёзаў стала перайменаванне вёскі Морач у Савецкую Морач, а Алёс – у  Чырвоны Алёс. Відаць, каб чыноўнікі ведалі паходжанне гэтых назваў, яны б не спяшаліся з перайменаваннем, бо морач – гэта ‘цёмнае, змрочнае балота’, а алёс – ‘альховае балота’. 

Як дрэнны жарт гучаць “новыя”, трохі абеларушаныя назвы, якія замянілі спрадвечныя беларускія найменні: РамашкіЗалог ПяцігодкіВазраждзеннеПабеда, НадзеждаАкцябрРассветЛучазарнаяТрудЧырвоная Зара і інш. Як жа тады мусяць звацца людзі, якія жывуць у такіх вёсках?

Яшчэ больш сітуацыю ў нашай тапаніміцы заблытала спроба даслоўна перакладаць назвы з беларускай на рускую і наадварот. Так з’явіліся падвойныя найменні кшталту Ромашки і РамонкіДвигатель і РухавікКрасный Пахарь і Чырвоны Араты, што прывяло да парушэння асноўнай функцыі геаграфічных назваў – служыць адназначным арыенцірам на мясцовасці.