#слоўнікСёння – Дзень абароны дзяцей. Як правільна гаварыць пра самых маленькіх беларусаў? Шмат кары…

#слоўнік

Сёння – Дзень абароны дзяцей. Як правільна гаварыць пра самых маленькіх беларусаў? Шмат карыснай лексікі ў сённяшнім слоўніку.

Дзіця́ (дзіцё́), дзіцяня́ (дзіцянё́), малеча
Няма каго? Дзіцяці, дзіцяня́ці

Даць цукерку каму? Дзіця́ці, дзіцяняці

Апекава́цца кім? Дзі́цем (дзіцё́м), дзіцянём

Дзіця́тка, даю цукерку дзіця́тку

Дзеці, дзеткі, дзятва́ (рус. детвора)

Немаўля, грудное дзіця

Дзіця яшчэ вельмі маленькае, яшчэ ссе малако.

Ссаць (малако) ссу, ссеш, ссе, ссём, ссяце, ссуць.

Карміць грудзьмі (даваць цыцку – гутарковае). Дзіця выпадкова вельмі балюча стукнула маці па грудзях (размоўнае – па цыццы). Нешта сёння малы ўпарціцца і не бярэ цыцку – мусіць, захварэў.

Дзіця́чая літаратура.

Дзіця́чы пакой (у гандлёвым цэнтры).

Дачка́, дочачка. Яна мела трох дачок.

Даччы́н адказ вельмі здзівіў маці.

Даччына́ любоў была бязмежная.

Колькі гадоў вашай дачцэ́?

Сын, сынок, сыночак, сынулька…

Сыне, сы́нку (ласка́вы зварот).

Сыно́ўская любоў, але сы́наў заплечнік.

Гадаваць (рус. растить) дзяцей.

Выхоўваць дзяцей.

Выхоўваць дзіцёнка неналежным чынам.

Мець нездавальня́льныя (нездавальняючыя) паводзіны.

Быць ве́тлівым з дарослымі.

Быць прыкладам (узорам) для дзіцёнка.

Заахвочваць (падахвочваць – рус. поощрять, пристращать) дзіцёнка да навукі.

У садочку нам трапілася добрая выхава́целька.

Прышчапля́ць (рус. прививать) дзіцёнку добры густ.

Развіваць у дзіцёнка пачуццё адказнасці.

Пятрок пайшоў у школу – цяпер ён сапраўдны вучань (навучэнец).

Дзіцё з першых хвілін паказала сябе як нявы́хаванае.

Вадзіць дзіця ў развіваючыя (развіццёвыя) гурткі і клубы

Васіль быў гадава́нцам (рус. воспитанник) нашага клуба.

Мікалай не хацеў падпарадкоўвацца (рус. подчиняться) патрабаванням дарослых.

Алеся трэба было заўсёды прымушаць выконваць хатняе заданне.

Бавіць (право́дзіць) з дзі́цем шмат часу.

Навучаць (вучыць) дзіця літарам, лічбам, лічылкам, хуткамоўкам, вершам.

Чытаць дзіцёнку казкі, адгадваць з ім загадкі, набываць яму размалёўкі (расфарбоўкі).

Усыпаць дзіцёнку бізуна, надаваць рэ́менем па срацы.

Гарэза, жэўжык, свавольнік (рус. озорник, шалун).

Аркадзь задужа песціў (рус. баловал) свайго доўгачаканага сына, і хлопец вырас разбэшчаным неслухам.

Валянціна была празмерна мяккай маці і не магла караць (рус. наказывать) дзяцей нават за самыя кепскія паводзіны.

Нораў Яўген меў хуліганісты.

З паслухмя́нымі дзецьмі заўсёды лягчэй, чым з неслухамі.

Бацькі перыядычна ўшчувалі дзіця за дрэнныя паводзіны і заклікалі да паслушэнства.

Падлетак (рус. подросток), няпоўнагадовы, маладзён (юнак).