Сёння ў нас надзвычай летняя тэма – пчолы! Чым калода адрозніваецца ад борці? Што такое “вабік”? Чытайце ніжэй і даведвайцеся новыя беларускія словы.
Атожылак – рус. отводок
Бортнік (бартнік, барцялаз, зямец, вотчыц) — пчаляр, які займаецца доглядам, аховай пчолаў у борцях (або калодах).
Борць (бартак, барць, бордзь, клешня) – выдзеўбанае ў жывым дрэве гняздо для пчолаў. А таксама дрэва з борцю.
Бортніцтва — традыцыйны лясны промысел, форма пчалярства, якая заснавана на ўтрыманні пчолаў у борцях або калодах.
Брушоўка – працэс запячатвання пчоламі сотаў з мёдам.
Вабік — невялікая калода, вулей (можа быць з саломы або кары) для прываблівання раёў.
Вашчына (вуза, навуза) — парожнія пчаліныя соты.
Вулей – рус. улей
Гняздо – месца ў борці (калодзе), дзе жывуць пчолы.
Джала – рус. жало
Джаліць (джгаць), уджаліць (джгануць)
Дно (под, подак, пята) — ніжняя ўнутраная частка борці або калоды.
Дымар, курач (дымакур, курадым) – прылада для абкурвання пчол. Раней выкарыстоўваўся зубель.
Забрус – крышачкi з воску, якімі пчолы закрываюць соты з мёдам.
Знамя (знак, кляйно) — метка або засечка, якая высякалася на бортных дрэвах.
Калода (вулей, калотка, бучак, даўбяк, доўбанка, ляжак, каранёк, пянёк, стаяк, стаўбун, ляжак) — штучна выдзеўбанае ў камлі дрэва (спілаваным) дупло (борць) той жа кантрукцыі, што і звычайная борць у дрэве.
Камора – унутраная частка борці.
Каморка – адна сота.
Каралева (матка) — пчаліная самка або бортнае дрэва з трыма і болей борцямі.
Ляток (лётва, лётка, вока, вочка) – дзірка для пчол у калодзе і борці.
Медазбор – рус. медосбор
Мёд, мядовы, медавуха
Мёдарэз (рэзічка) – нож для падразання сотаў.
Падкур (поткур, адзёр, адонак, памост, пасцель) – драўляная пляцоўка вакол бортнага дрэва для аховы борці (калоды) ад мядзведзя.
Пчала
Пчаляр – рус. пчеловод
Пчальнік – рус. пасека
Пяршак (пярвак) – рой першага ў сезоне падзелу.
Падглядаць (падбіраць, хаджаць, лекаваць) – збіраць мёд у часы медазбору і пакідаць частку пчолам на зіму.
Перакід, поцяг, чашкі — метады пад’ёму на бортнае дрэва.
Про́паліс і прапо́ліс
Пчолапакет – невялікая пчаліная сям’я, часцей на 4 або 6 рамак, прызначаная на продаж.
Пылок – рус. пыльца
Пярга – пчаліны хлеб.
Тварба (даць закроп, зрабіць прынаду, напырскаць) – апырскванне борці сытою, націранне травамі і зёлкамі для прываблівання пчол у борць.
Труцень
Чмель – рус. шмель
Часткі вулля: дно, гнездавы корпус (гняздо), магазінны корпус (магазін), дах, рамкі, ляток, прылятковая дошка.
Прылады і прыстасаванні для работы з пчоламі і мёдам: медагонка, нож ці відэлец для распячаткі сотаў, стамеска, касцюм, сетка, раёўня, сіта (фільтр) для працэджвання мёду.
Пчолы: ахоўнікі, выхавацелькі, выведнікі, прыбіральніцы, будаўнікі, збіральніцы
Мёд паліфлёрны, манафлёрны, рапсавы, грэчкавы, ліпавы, верасовы, лясны, лугавы, палявы, кветкавы, падзевы.