#слоўнікЦі садзіце вы агарод? Ці любіце збіраць ягады ды травы ў лесе? Нават калі вашыя дачыненні з …

#слоўнік

Ці садзіце вы агарод? Ці любіце збіраць ягады ды травы ў лесе? Нават калі вашыя дачыненні з раслінамі абмяжоўваюцца пакупкай сезоннай зеляніны на кірмашы – веды пра беларускі расліннны свет лішнімі не будуць! А дапаможа ў гэтым аўтарскі слоўнік, складзены Сяргеем Харэўскім.

У нашай мове, у народных гаворках багата сінонімаў для розных раслінаў, што маюць розную эмацыйна-экспрэсіўную афарбоўку і належаць да розных стыляў і сфер ужывання. Напрыклад: трыпутнік (рус. подорожник) – прыдарожнік, бабка, серпарэзнік, міжперсніца; лотаць (рус. калужница) – лопух, нюнькі, бабоўнік, жаўтушнік, мядзведжая лапка; гарлачык (рус. кувшинка) – лілея, калітка, булдаўка, вадзяніца, макаўка, гладышыкі, бубенчыкі, куўшынкі; купальнік – буквіца, гарнік, касцян, пералёт; дзядоўнік (рус. репейник) – лопух, лапушнік, рапей, брылі, калюгі, ранік і інш. Як бачым, шмат якія расліны з вялікім, разляпістым лісцем могуць звацца папросту лопухамі. Там можна назваць і лісце дзядоўніку, і водных раслінаў-лотацяў, і нават гарбузоў.

Пад вокнамі хатаў квітнеюць духмяны бэз (рус. сирень), язмін (рус. жасмин), у палісадніках – настуркі (рус. настурция), вяргіні (рус. георгины), півоні (рус. пионы).

Агарод

Ад вясны пачынае пладзіць агарод. Першымі з-пад снегу вылазяць шпарагі (спаржа). Шпарага — з яе карнявішча развіваюцца сцябліны з мноствам тонкіх зялёных галінак; плод – чырвоная ягада памерам з гарошыну. Сёння яе росцяць пад вокнамі хатаў найперш як дэкаратыўную расліну. А былі ж шпарагі звычайнаю закускаю да вінаў на шляхецкіх сталах…

Каштоўная агароднінная культура – сельдэрэй (салера) (рус. сельдерей), чыё лісце выкарыстоўваем у свежым выглядзе, а карняплоды – ва ўсялякім. Яе шануюць і ў нашай народнай медыцыне.

Шпінат (рус. шпинат), што цяпер зноў становіцца папулярнай гароднінай, каляндра (рус. кориандр), чые насенне мы бачым на “барадзінскім” хлебе, а яго зяленіва ў нас цяпер упарта называюць па-турэцку кінзою. Кмен (рус. тмин) ды кроп (рус. укроп), без якіх не абыходзіцца ніводзін гародчык….

У садах нашых ёсць калючыя кусты з любімымі ягадамі – парэчкі (рус. смородина), агрэст (рус. крыжовник) ды ажыны (рус. ежевика).

 
 А пойдзем у поле!

У полі, апроч культурнае збажыны, на пустках ды па лагчынах багата ўсялякіх раслінаў. Там, дзе колісь быў пажар, ці проста палілі вогнішчы, палымнеюць ружовымі кветкамі выскія сцяблюкі скрыпеню (рус. иван-чай). Паўсюдна ў нашых палях сустрэнем розных відаў рамонкі (рус. ромашки) ды валошкі, якіх таксама завуць і васількамі. Красуе ўсё лета канюшына (рус. клевер), з якое самае каштоўнае сена. Аж настолькі каштоўнае, што канюшынка патрапіла нават на цяперашні герб Рэспублікі Беларусь. Тамсама, у палях, расце і лубін (рус. люпин), розныя гатункі якога сеюць на сілас і яны паўсюдна патрапілі ў дзікую прыроду. Пры дарозе ўбачым тут лекавыя зёлкі — горкі палын (рус. полынь), пяць відаў трыпутніку (рус. подорожник), чыё лісце гоіць раны, сіняквет (рус. синяк), якім лечаць укусы змеяў, падбел (рус. мать-и-мачеха) з жоўценькімі кветачкамі, падобнымі да дзьмухаўцоў (рус. одуванчик), якіх у нас поўна і ў горадзе. Па пустках безліч розных раслінаў — дурнап’ян (рус. дурман), зоркаўка (рус. звездчатка), свінакроп (рус. торица), зяльборнік (рус. ширица голубоватая), падбурачнік (рус. амарант), залозніца (рус. норичник), на сухіх мясцінах — дужыя сцеблюкі дзіванны (рус. коровяк).

Далей чытаць тут: https://www.movananova.by/zaniatki/slounik-raslinny-svet.html