Як правільна ўтвараюцца склонавыя формы ад назоўнікаў маці і дзяўчына?
Слова маці ў сучаснай мове часцей за ўсё мае толькі адну форму і ў адзіночным, і ў множным ліку, якая супадае з формай назоўнага склону: назоўны склон – маці, родны склон — няма маці давальны склон — даць маці, , вінавальны склон — бачыць маці, творны склон – размаўляць з маці, месны склон – пры маці. Аднак гэта слова мае яшчэ і іншыя варыянты склонавых формаў, калі ў адзіночным і множным ліку да кораня далучаецца фармант –ер: Р.с. без мацеры, Д.с. даць мацеры, Т.с з мацерай і М.с. пры мацеры. Выключэннем з’яўляецца толькі форма вінавальнага склону адзіночнага ліку, дзе гэта –ер не дадаецца, і мы маем маці, як і ў назоўным склоне. У множным ліку з пашырэннем –ер ужываюцца наступныя формы: нашы мацеры, няма мацярэй, даць мацярам, бачыць мацярэй, з мацярамі і пры мацярах.
Існуе таксама форма мацяркі́ або ма́церкі, якая ўжываецца выключна ў множным ліку: Н.с. мацяркі/ ма́церкі , Р. і В. с. мацярок / мацерак, Д.с. мацярка́м/ мацеркам, Т.с. мацярка́мі / мацеркамі, М.с. пры мацярка́х / мацерках.
Звярніце ўвагу на тое, што падобныя формы ў множным ліку ўтварае і назоўнік жанчына: жанкі́ ( і жанчыны), жанок (і жанчын), жанкам (і жанчынам), з жанкамі (і жанчынамі), пры жанка́х (і пры жанчынах). Не варта блытаць іх з назоўнікам жонка! Дарэчы, такія формы часцей за ўсё ўжываюцца менавіта ў гутарковай мове.
Слова дзяўчына ў адзіночным ліку скланяецца на ўзор назоўнікаў другога скланення з цвёрдай асновай: дзяўчыны, дзяўчыну, дзяўчыне, дзяўчынай, пры дзяўчыне. У множным жа ліку мае форму дзяўчаты: Р. і В. с. дзяўчат, Д.с. дзяўчатам, Т.с. дзяўчатамі, М.с. пры дзяўчатах. Але з лічэбнікамі адзін, две, абедзве, тры, чатыры будзем ужываць толькі форму дзяўчыны: Н.с. тры дзяўчыны, Р. і В. с. трох дзяўчын, Д.с. тром дзяўчынам, Т.с. трыма дзяўчынамі, М.с. пры трох дзяўчынах. Такім чынам, скажам сабарлося шмат дзяўчат, распранальня для дзяўчат, але Да мяне падышлі дзве дзяўчыны.