#цікавінкіМова выданняў СкарыныСкарынаўскі пераклад Бібліі быў адным з першых аўтарскіх перакладаў у…

#цікавінкі

Мова выданняў Скарыны

Скарынаўскі пераклад Бібліі быў адным з першых аўтарскіх перакладаў у Еўропе і служыў нацыятворчым мэтам.

На якую ж мову быў зроблены пераклад? Сам Скарына называў яе рускай. Пад рускай у той перыяд, як лічаць навукоўцы, мелася на ўвазе тагачасная афіцыйная мова Вялікага Княства Літоўскага. Аднак, калі прааналізаваць тэксты Скарыны, бачым, што тут не ўсё так адназначна, бо сама мова ў залежнасці ад тэкстаў у вельмі значнай ступені адрозніваецца. Калі ўзяць, напрыклад, “Псалтыр”, “Апостал” і “Малую падарожную кніжыцу”, то яны напісаныя на царкоўнаславянскай мове з асобнымі беларускімі ўкрапваннямі. Тыя словы, што Скарына лічыць для беларусаў не зразумелымі, ён суправаджае тлумачэннямі на палях кнігі (глосы): кивот- скриня, нигер – чорный, языцы – народы. А вось у кнігах, дзе літаратурна-мастацкі кампанент больш выразны, напрыклад, ”Песнь песней”, “Юдифь”, “Плач Иеремии”, ён набліжае мову да жывой народнай гаворкі. Больш за ўсё Скарына звяртаецца да жывой беларускай гаворкі ва ўласных тэкстах: вершах, створаных да асобных кніг Бібліі, прадмовах і пасляслоўях. Праўда, часта ў гэтых творах — цытаты з Бібліі, ніяк графічна не аддзеленыя ад тэксту самога аўтара, таму ў моўным плане тэксты выглядаюць неаднароднымі.

Дык як усё ж такі сёння называць мову перакладаў Скарыны? Ніхто, безумоўна, ужо не назаве яе руска-літоўскай або польска-рускай, як у ХІХ ст. Аднак ці гэта царкоўнаславянская з элементамі старабеларускай мовы, ці старабеларуская з царкоўнаславянсімі элементамі, сярод навукоўцаў, як замежных, так і айчынных, таксама няма адзінай думкі. Згодна з апошняй найбольш папулярнай пазіцыяй, у сваёй большасці мову аўтарскіх перакладаў Скарыны можна лічыць старабеларускай з элементамі царкоўнаславянскай. “Скарына кантамінаваў, спалучаў у сваім перакладзе дзве традыцыі, выпрацоўваў сваю перакладчыцкую тэхніку і сам, падкрэсліваю, сам назваў мову свайго перакладу, сваю Біблію для таго часу рускай, а сёння мы гэта называем старабеларускай,” – піша даследчыца, спецыяліст у галіне гісторыі беларускай рэлігійнай тэрміналогіі Ірына Будзько. А філолаг і перакладчык Лявон Баршчэўскі заяўляе: “Калі выдаліць з тэксатаў Скарыны царкоўнаславянізмы , — гэта мова, на якой гаварыў мой бацька і мая бабуля з Полацка”.

Асаблівасці мовы Скарыны:
Правапіс базуецца на марфалагічным прынцыпе (як у царкоўнаславянскай мове), але ўсё ж, хоць і непаслядоўна, адлюстроўваюцца характэрныя для беларускай мовы гукавыя рысы: пераход у ў ў (паказваўся як вне втаися, повчение); спрашчэнне груп зычных здн, стн, рдц (ненависными, празъникъ), пераход стараславянскага жд у ж (одежа, осуженъ), рэдукцыю галосных у ненаціскным становішчы (десетъ, двадцетъ, гледели), супадзенне “яць” і е (делати, реку, деда, сена), ацвярдзенне губных (кровъ, седмъ), ацвярдзенне шыпячых (идешъ, женешъ, пришлешъ, шолъ), ацвярдзенне р (стрыщи), змяненне “ёр” у и (шие, ко шии, на шию, бийся, побийте), азванчэнне (з бою, зделали) і г.д.

Далей чытаць тут: https://www.movananova.by/zaniatki/zanyatki-158/teoryya-i-praktyka-movy-mova-vydannyau-skaryny.html