Вы ведалі, што Янка Купала першым пераклаў на беларускую мову песню “В лесу родилась ёлочка”?
Калі вашыя дзеці рыхтуюцца да калядных ранішнікаў – цяпер вы ведаеце, што ім развучыць)
З ГІСТОРЫІ ПЕСНІ:
Тэкст найвядомейшае на постсавецкай прасторы навагодняе песенькі напісала спадкаемніца беларускага княжацкага роду Гедройцяў Раіса Кудашава. Яны жыла ў Маскве й у 1903 годзе апублікавала свой верш «Ёлка» ў дзіцячым часопісе. У арыгінальнай вэрсіі налічвалася 56 радкоў. Праз 2 гады верш паклаў на музыку адмыслова для сваёй дачкі аграном Леанід Бэкман, які нават ня ведаў нотнае граматы. Пані Гедройць дазналася, што ейны верш стаў усенародным гітом, толькі ў 1921 годзе, калі, едучы ў цягніку, пачула, як маленькая дзяўчынка сьпявае пра тую самую яліначку. Існуюць пераклады сьпеву на ангельскую, нямецкую, навагрэцкую, азэрбайджанскую, фінскую, латыскую, украінскую мовы.
Пераклад Янкі Купалы:
Ўзышла у лесе ёлачка,
У лесе і расла,
Узімку, ўлетку стройная,
Зялёная была.
Мяцеліца ёй песеньку
Пяяла: баю-бай,
Мароз сняжком атуліваў:
Глядзі, не замярзай!
Пужлівы зайчык шэранькі
Пад ёлачкай скакаў,
Падчас і воўк, сярдзіты воўк,
Ускоч перабягаў.
Вось снег у лесе дрэмлючым
Пад полаззем скрыпіць,
I конік жвавы, сівенькі
Спяшаецца, бяжыць.
Вязе той конік саначкі,
А ў санках селянін,
Пад’ехаў ён пад ёлачку
I ссек у міг адзін.
Цяпер яна прыбраная
На свята к нам прыйшла
I шмат пацехі, радасці
Для дзетак прынясла.