Сёння Беларусь адзначае ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Беларуская Народная Рэспубліка. Галоўныя факты і даты
21 лютага 1918 г. паводле І-й Устаўной граматы БНР Менск упершыню быў абвешчаны сталіцай Беларусі.
9 сакавіка 1918 г. – дата прыняцця Радай БНР Другой Устаўной граматы БНР – фактычна, першай канстытуцыі суверэннай Беларусі.
25 сакавіка 1918 года – дата прыняцця Радай БНР Трэцяй Устаўной граматы БНР, якая абвясціла незалежнасць Беларусі.
3 красавіка 1918 года, дзякуючы руплівасці прафесара Мітрафана Доўнара-Запольскага, у Кіеве была створана першая Беларуская гандлёвая палата, якая ажыццяўляла знешнегандлёвыя дачыненні з Украінскай Народнай Рэспублікай.
5 красавіка 1918 года – Першае таварыства беларускай драмы і камедыі Пастановай Народнага сакратарыята Беларусі было рэарганізавана ў Дзяржаўны тэатр БНР на чале з рэжысёрам Фларыянам Ждановічам.
Травень 1918 г. – заснаванне ў Кіеве і Адэсе першых дыпламатычных прадстаўніцтваў БНР ва Ўкраіне на чале з Паўлам Трамповічам і Сцяпанам Некрашэвічам.
21 траўня 1918 года – герб “Пагоня” быў зацверджаны ў якасці дзяржаўнага сімвала БНР. Беларуская мова ў статуце была абвешчана адзінай дзяржаўнай мовай Рэспублікі.
Чэрвень 1918 года – прафесарам Мітрафанам Доўнарам-Запольскім быў прадстаўлены праект Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта. Пачала працаваць Урадавая камісія БНР па стварэнні ў Менску нацыянальнага ўніверсітэта.
Снежань 1918 г. – пачатак фармавання ў Горадні 1-га Беларускага палка.
Травень 1919 года – пачатак арганізацыі надзвычайных дыпламатычных місій БНР у Берліне, Парыжы, Коўне, Рызе, Данцыгу і Капенгагене.
12 ліпеня 1919 года – кіраўніку Беларускай вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі, палкоўніку К. Езавітаву, паводле Пастановы Рады БНР, быў прысвоены вайсковы чын генерал-маёра.
Жнівень 1919 г. – упершыню быў рэалізаваны філатэлістычны праект БНР, які ажыццявіў кіраўнік Беларускай вайскова-дыпламатычнай місіі ў Латвіі і Эстоніі Кастусь Езавітаў. Было надрукавана каля 5 млн. марак «Асобны атрад БНР» наміналам 5, 10, 15, 50 капеек і 1 рубель. Атрымалася пагасіць значную партыю гэтых марак праз латышскую паштовую кантору ў Марыенбургу. Гэтыя маркі знаходзіліся ў паштовым звароце Латвіі некалькі месяцаў. К. Езавітаў змог зацікавіць беларускімі маркамі еўрапейскіх філатэлістаў. Праз яго было прададзена ў Нямеччыне, Францыі і Чэхаславаччыне паштовых марак на суму ў 200 тыс. нямецкіх марак.
Лістапад 1919 года – у берлінскай друкарні надрукаваны першыя дыпламатычныя пашпарты БНР, якія атрымалі звыш 3 тысяч чалавек.
У лістападзе – снежні 1920 года адбыўся Слуцкі збройны чын, падчас якога два палкі 1-й Слуцкай брыгады БНР супрацьстаялі некалькім дывізіям 16-й савецкай арміі.
Лістапад 1920 года – архітэктарам Лявонам Дубейкаўскім быў створаны праект першай дзяржаўнай узнагароды БНР – “Крыж Пагоні”.
20 лістапада 1920 года – падпісанне першай паўнавартаснай міждзяржаўнай дамовы паміж БНР і Літоўскай Рэспублікай.