#тэорыямовыМова паліткарэктнасціУ мове паліткарэктнасць перадусім рэалізуецца праз выкарыстанне эўфе…

#тэорыямовы

Мова паліткарэктнасці

У мове паліткарэктнасць перадусім рэалізуецца праз выкарыстанне эўфемізмаў і так званых фемінізмаў (фемінітываў). Эўфемізмы — словы і выразы, якія служаць моўцы для замены грубых, непрыстойных, рэзкіх словаў і выразаў, што выклікаюць непрыемныя асацыяцыі: не мярцвяк, а нябожчык; не стары, а чалавек сталага веку, не дурань, а недалёкі чалавек, зорак з неба не хапае г.д. Пра прыроду эўфемізмаў можна пачытаць тут:
http://www.movananova.by/zaniatki/leksika-spachyc-zasnuc-addac-bogu-dushu-2.html.

Трэба сказаць, што і ў Савецкім Саюзе таксама існавалі свае эўфемізмы (новамова), мэтай якіх, праўда, было не змякчэнне абразлівых выразаў, а маніпуляцыя свядомасцю людзей, вуаляванне агрэсіўных намераў дзяржавы, замоўчванне сацыяльных праблем, для чаго рэчы не называліся сваімі сапраўднымі імёнамі. Напрыклад, перабоі з харчаваннем і іншымі таварамі зваліся часовымі цяжкасцямі, сацыяльныя праблемы — асобнымі недахопамі, гвалтоўная калектывізацыя, галадамор, расстрэлы — перагібамі на месцах. Сёння таксама мы сутыкаемся з падобнымі эўфемізмамі: неэфектыўнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў замест крадзежвыкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу замест злоўжыванне службовым становішчам і г.д.
Што да фемінізмаў, дык пад імі ў мове сёння разумеюць жаночыя назвы прафесій, спецыяльнасцяў, сацыяльных роляў: дырэктарка, менеджарка, фатографка. Часам, хоць пакуль і досыць рэдка, пры ўзгадванні ў тэксце назва прафесіі без вызначэння асобы (а звычайна гэта назоўнік мужчынскага роду), сустракаем паліткарэктнае напісанне праз злучок: доктар-ка, рэдактар-ка, напрыклад: “У часопіс… патрабуецца рэдактар-ка і карэктар-ка”, а не традыцыйнае “рэдактар і карэктар”.

Такім чынам, мэта ўжывання паліткарэктных словаў і выразаў зразумелая — пазбегчы вербальнай дыскрымінацыі асобных груп насельніцтва паводле нацыянальнасці, расы, гендару, узросту, здароўя, сацыяльнага і матэрыяльнага статусу і пад. Сучасная з’ява паліткарэктнасці пашырылася спачатку ў ЗША, а потым і ў Заходняй Еўропе ў апошнія дзесяцігоддзі мінулага стагоддзя. У Амерыцы, напрыклад, наступным чынам адбываўся рух ад непажаданай назвы негры да паліткарэктнай афраамерыканцынегры — нябелыя — каляровыя — чорныя — меншасць — амерыканцы афрыканскага паходжання — афраамерыканцы (negroes — non-whites — colored — blacks — minority (group) — African Americans — Afroamericans). Тую ж самую тэндэнцыя назіраем і з індзейцамі: індзеец — карэнны амерыканец — першая нацыя. У шведскай мове ў 2015 годзе да займеннікаў han (ён) і hon (яна) быў афіцыйна дададзены гендарна карэктны займеннік hen для трансгендараў або людзей, якія не вызначыліся канчаткова са сваім гендарам.
У 21 стагоддзі мова паліткарэктнасці пачала пашырацца і ў нашай краіне, аднак дасюль з’яўляецца значна больш абмежаванай, чым у Заходнім свеце.

Да сфераў, дзе сёння найбольш пашырана мова паліткарэктнасці, належаць:

Сфера сацыяльна слабых, дыскрымінаваных груп насельніцтва: людзі з інваліднасцю, людзі з абмежаванымі магчымасцямі замест калекі, інваліды (прапануем зрабіць тэст на тэму інклюзіўнасці з партала tut.byhttps://news.tut.by/culture/669842.html ); сеньёры замест старыя людзі; карэкцыя полу замест змена полу; інтэрсексуал замест гермафрадыт і г.д. Дарэчы, ужыванне выразу парэформавы правапіс ці афіцыйны правапіс таксама з’яўляецца паліткарэктным выразам у параўнанні са словам наркамаўка.
Сфера назваў прафесій і спецыяльнасцяў: менеджар па продажах замест прадавецработніца сферы сескуальных паслуг замест прастытуткааўтарка, блогерка замест аўтарблогер, калі гаворка ідзе пра жанчыну.
Сфера сэрвісу і рэкламы, дзе, напрыклад, у індустрыі прыгажосці слова атлусценне замяняецца выразам лішняя вага, пахудзенне — карэкцыя вагі; пазбаўлення ад зморшчын — ліфтынг і г.д.