Мабыць, усе чыталі аднойчы яго “Ладдзю роспачы”. Заўсёды гэтае апавяданне неяк асобна стаяла ў школьнай праграме. Апасля шматлікіх твораў класікаў пра гаротны лёс беларускага народа, які толькі і можа, што працаваць і пакутаваць, вось ён – рагачоўскі хлопец Гервасій. Не пакутуе (і, дарэчы, не працуе), любіць віно і добрыя жарты, можа паспрачацца з сумнай каралевай і згуляць у шахматы са Смерцю (таксама сумнай). Нешта… незвычайнае, так?
Але перачытайце “Ладдзю” зараз. Кожны вобраз і кожны сказ яе адгукаецца сёння ў сэрцы, як ніколі. Бо гэты хлопец і ёсць сапраўдны беларус.
Ён ідзе ў адвечную цемру з усмешкай. Ён суцяшае тых, хто ў адзіноце ці разгублены. Ён жартуе, хоць уласнае сэрца баліць, бо яго жарты вяртаюць надзею іншым. І надзея вяртаецца, нават у тым месцы, дзе яе няма і ня можа быць, да людзей, каму, здавалася, надзея ўжо непатрэбная. Ён не просіць літасці і не губляе годнасці. Ён нясе з сабою напамін аб роднай зямлі – кветку шыпшыны. Ён кахае там, дзе былі толькі страх і роспач. Ён рызыкуе апошнім, каб выратаваць незнаёмцаў. І перамагае. А потым незнаёмцы вяртаюць жыццё яму.
Хто ж тыя людзі на ладдзі, як не мы сучасныя? Так што, калі сёння камусці надзвычай цяжка, узгадайце словы гэтага звычайнага хлопца. Позна бывае толькі ў труне. І няхай кожнаму з нас асвятляе шлях яго ўласная кветка шыпшыны.
Жыве Беларусь!