У каментарах да апошняй >>фітанататкі<< ўзнялі цікавае пытанне. Як таму, хто НЕ жыве ў беларускамоўным асяроддзі і НЕ ведае беларускую мову яе вывучыць. Якія падручнікі і перакладнікі выкарыстаць?
І вось тут мы прыйдзем да важлівай высновы. Зараз шмат з’едлівых каментароў, шмат нейкіх меркаванняў і іншага бла-бла-бла, а вось адмысловых падручнікаў і дасканалых перакладнікаў як не было, так і няма. Час губляецца часцей на нейкія пустыя дыскусіі аб тым, чаму нам варта размаўляць па-беларуску, чым беларуская мова лепшая альбо горшая, на спробы давесці, што «беларуская мова ня горшая за…» або «ня менш мілагучная, як…». Не абражайцеся, тыя, хто губляе на гэта час, але ўсе гэта сведчыць толькі пра наяўнасць комплексу непаўнавартасці і нейкія жаласлівыя спробы нейкаму нешта давесці.
Не трэба. Не трэба шукаць таго, хто вас пашкадуе ці зразумее. Не трэба нікому нічога даводзіць, не трэба ні з кім змагацца з канапы. Разбурайце творачы! Проста пачынайце ствараць кантэнт, рабіць на беларускай мове тое, што можаце рабіць. Самае простае – пайсці і напісаць старонку ў беларускай Вікіпедыі пра тое, што добра ведаеце, альбо што вас цікавіць.
Што ж датычна інструментаў. Найбольш распаўсюджаныя аўтаматычныя слоўнікі гэта Google Translate, slounik.org і belazar.com. Для таго каб зразумець аб чым размова ў нейкім тэксце іх хопіць. Але гэтыя прылады прынцыпова (як і іншы машынны пераклад) не падыходзяць для стварэння старонак у сацсетках. Машынны пераклад – для прафесіяналаў, тых хто потым зможа пачысціць гэту “сыравіну“. Чым горшы аўтаперакладчык, тым вышэй мусіць быць кваліфікацыя карыстальніка. Машынны пераклад павінен заўжды ісці поруч з тлумачальным слоўнікам, нават калі вы ўпэўнены ў выключным валоданні мовай.
Наконт падручнікаў. Чытачы раяць пачынаць з “Гавары са мной па-беларуску” Г. Мацыка, ці “Жывая мова” Ю. Бушлякова, есць добрыя водгукі і пра выданую ў 2017 годзе кнігу А.Соміна “Белорусский язык. Самоучитель“. Абавязкова трымайце пад рукой добры тлумачальны слоўнік, каб зразумець сэнс новага слова. Як па мне дык лепшае што ёсць – гэта Тлумачальны слоўнік беларускай мовы у 5 тамах пад рэд. легендарнага Кандрата Крапівы (1, 2, 3, 4, 5-1, 5-2). Ніжэй яшчэ колькі выданняў, якія я перыядычна выкарыстоўваю:
• Тлумачальны слоўнік па інфарматыцы • Руска-беларускі тлумачальны слоўнік па фізіялогіі чалавека і жывёл • Руска-беларускі тлумачальны слоўнік медыцынскіх тэрмінаў • Кароткі тлумачальны гідралагічны слоўнік • Руска-беларускі слоўнік тэрмінаў радыёэлектронікі і інфармацыйна-вымяральнай тэхнікі • Тлумачальны слоўнік па дызайну, архітэктуры і мастацтву • Руска-беларускі фізічны слоўнік • Расейска-беларускi хiмiчны слоўнік
Што ж датычна папулярызацыі беларускай філалалогіі, то на адзін з выбітных спецыялістаў у гэтай галіне – гэта Валянцін (Вінцук) Вячорка. Мне вельмі падабаюцца яго нарысы, болей таго, я лічу што кожны сапраўдны беларус проста абавязаны прачытаць дзве кнігі – >>Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам<< і >>Не сьмяшыце мае прыназоўнікі<<. Напісана зразумела, цікава i з вялікім густам.
p.s. як адзін мой стары прыяцель, любитель изящной словесности, прыйшоў да беларускай мовы. Жонка пакідала на яго дзіця. Дзіця тузалася, плакала, не супакойвалася. Кажа пачаў чытаць казкі на мове і ўсе нерваванне як рукой зняло. Паспрабаваў некалькі разоў – працуе! Тады ён і ўвераваў 🙂