Гэты тэкст Зянон Пазьняк напісаў яшчэ да таго, як Лукашэнка стаў прэзідэнтам, а Пуцін — палітыкам. П…

Гэты тэкст Зянон Пазьняк напісаў яшчэ да таго, як Лукашэнка стаў прэзідэнтам, а Пуцін — палітыкам. Праз пару дзён споўніцца 30 год артыкулу «О русском империализме и его опасности». Аўтара тады абвінавачвалі ў імкненні «вбить клин между братскими народами». Вось галоўныя тэзісы.

Ніякіх «садружнасцяў» з Расеяй не павінна быць. Гэта пагібель беларускай эканомікі і беларускай незалежнай дзяржавы. Наш шлях — гэта шлях Балтыі, шлях вяртання ў Еўропу.

Былі (у Расеі) заявы па Севастопалі, па Чарнаморскім флоце, былі крывавыя правакацыі, былі развязаныя з удзелам расейскіх войскаў брудныя імперскія войны ў Малдове, Таджыкістане, Асетыі, Грузіі, Абхазіі, Чачні. Новыя расейскія кіраўнікі ўжывалі старую імперскую палітыку — падзяляць народы і групы насельніцтва, нацкоўваць іх адзін на аднаго, знішчаць адных, выяжджаючы на спінах іншых (як у Абхазіі), захопліваць тэрыторыі, кіраванне, маёмасць і панаванне праз залежных і падстаўных.

Яны збіраюцца «абараняць» правы нават не расейцаў, а «расейскамоўных», гэта значыць савецкай папуляцыі ў іншых краінах. Гэта азначае, што не будуць прызнаныя ніякія нацыянальна-культурныя адраджэнні і дэмакратыя ў гэтых краінах. Гэта значыць, што будзе ціск і ўмяшанне ва ўнутраныя справы сумежных краін.

Любыя палітыкі, якія сядзяць у Крамлі, незалежна ад іх асабістых поглядаў, будуць мець — хай у рознай меры — цягу да такога роду дзеянняў: нацкоўваць суседнія дзяржавы адну на адну. Гэта дазволіла б перашкодзіць стварэнню на нашых межах саюзаў краін зь ясна выяўленай антырасейскай скіраванасцю.

Новыя варыянты палітыкі Расеі: пастаяннае падсілкоўванне прарасейскіх сілаў у палітычных і вайсковых колах сумежных краін, жорсткія дзеянні расейскіх узброеных сілаў, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў многіх сумежных краінах, мэтанакіраваны эканамічны ціск.

Утварыўся асаблівы гатунак жорсткага імперскага грамадства, дзе асоба нічым не абароненая, ні перад кім і ні перад чым. Асоба — нішто перад дзяржавай. Дзяржава, яе інтарэсы, імперыя — усё. Яна не можа быць дэмакратычнай.

Ня будзе дэмакратычнай Расеі, пакуль будзе гэтая старая Расея. Дэмакратыя і імперыялізм несумяшчальныя.

Імперыя, паразытуючы на нацыянальных (народных, этнічных) культурах, руйнуе іх, спараджаючы хімеры. Імперыя – усясветнае зло.

Імперскае грамадства антыдэмакратычнае, у ім няма цярпімасці. Ня дзіва, што на расейскіх выбарах не было прадстаўлена ніводнай дэмакратычнай партыі. Усе яны стаялі на імперскіх пазіцыях.

У Расеі ідзе чарговая палітычная і эканамічная перабудова імперскай улады.

Украіна і Беларусь за два гады абрабаваныя, рынкавыя эканамічныя рэформы тут затарможаныя, фінансава-крэдытная сістэма разбітая, увядзенне нацыянальнай валюты не дапушчана. Яшчэ высілак — і, калі наша краіна будзе канчаткова эканамічна разбурана, застанецца толькі «добраахвотна» загнаць яе зноў у расейскую імперыю.

У сітуацыі, якая склалася, выхаду з крызісу няма, пакуль да ўлады ня прыйдуць іншыя людзі, не наменклатура.

Нашы (БНФ) законапраекты, праграмы, канцэпцыі, прапановы па развіцці эканомікі, грамадства і дзяржавы найбольш блізкія да таго шляху, па якім развіваецца Эстонія.

Нельга нават фармальна ўваходзіць з Расеяй у якія-небудзь саюзы або садружнасьці (гэта не тычыцца двухбаковых сувязяў і гандлю), каб не даваць падставаў для прымянення ў адносінах да Беларусі імперскай палітыкі.

На шляху да свабоды і нацыянальна-культурнага адраджэння народ павінен разлічваць на свае сілы. У гэтай справе ня можа дапамагчы ніхто, калі само грамадства не саспела да свабоды.