3 чэрвеня 1937 года – гістарычная дата для беларускай мовы, культуры і навукі. У гэты дзень пад грыфам “не падлягае абвяшчэнню” Галоўліт БССР выдаў загад № 33 пад назваю “Спіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі з бібліятэк грамадскага карыстання, навучальных установаў і кнігагандлю”.
У ліку прыгавораных да знішчэння — кнігі Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, паэма “Тарас на Парнасе”, раманы, апавяданні, п’есы. Асаблівая катэгорыя асуджаных на агонь — тэрміналагічныя слоўнікі і даведнікі, граматыкі, лемантары, чытанкі, падручнікі, навучальныя дапаможнікі, дыялектныя зборнікі, мовазнаўчыя працы, створаныя ў эпоху прывіднай беларусізацыі. Палілі мову…
Вогнішчы з кніжак успыхнулі ў Беларусі раней, чым у нацысцкай Нямеччыне. Мартыралог беларускай культуры, якую прадпісвалася знішчыць 1937-м і іншых гадах (падобныя спісы рэгулярна абнаўляліся) лепш за ўсялякія падручнікі гісторыі ды каментарыі спецыялістаў тлумачыць, што сталася з Беларуссю.