Тлумачачы пакараньне (10 сутак) за захоўваньне ў хатняй бібліятэцы кнігі Ўладзімера Арлова «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды ды Касьцюшкі», суд Кобрынскага раёна афіцыйна заявіў, што «… у выкананьне рашэньня суду Цэнтральнага раёну Менску ад 18 кастрычніка 2022 году было зьнішчана як другое, так і першае яе выданьне».
Такім чынам, упершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі афіцыйна (суд заявіў — куды ўжо больш афіцыйна) прызнана, што рэжым зьнішчае беларускія кнігі.
Нейкім асаблівым сакрэтам гэта не было: зьвесткі пра зьнішчэньне кніг даходзілі то з адной, то з другой, то з трэцяй вобласьці краіны. Інфармацыі хапала, каб зразумець: зьнішчэньне мае масавы характар.
Але вось гэтак, наўпрост афіцыйна, гэта не прызнавалася — магчыма, на жадалі аналёгіі з практыкай Гебельса, з часамі нацысцкай Нямеччыны, калі спальвалі няўгодныя кнігі — у тым ліку Брээхта, Гашэка, Горкага, Ільфа і Пятрова, Джэка Лондана, Томаса Мана, Рэмарка, Фэйхтвангера, Хэмінгуэя, Цвэйга, Эрэнбурга.
Хаця чаго сароміцца, калі ўжо на першым годзе свайго кіраваньня Лукашэнка на ўвесь сьвет заявіў, што «не все только плохое было связано в Германии с известным Адольфом Гитлером», і далей — «… это то, что соответствует нашему пониманию президентской республики и роли в ней президента: Гитлер сформировал мощную Германию благодаря сильной президентской власти». Трэба прызнаць, што з таго часу «понимание президентской республики» на практыцы ўвасобілася ў рэжым, якому да нацысцкай Нямеччыны засталося ня так ужо і шмат.
Але што з гэтага вынікае для ўсіх нас, для тых, хто ня хоча, каб спраўдзіліся словы Генрыха Гейне, высечаныя сёньня на бэрлінскай плошчы Бабельплац, дзе ў 1933 палілі кнігі: «Там, дзе спальваюць кнігі, пазьней спальваюць і людзей»?
Думаю, найперш гэтае пытаньне павінны задаць сабе палітыкі.
Шаноўная Сьвятлана Георгіеўна! Калі ласка, паспрабуйце адмовіцца ад пяці-шасьці замежных візытаў (зразумела, важных), скараціце колькасьць канфэрэнцый (таксама важных) на дзьве-тры. Накіруйце, калі ласка, гэтыя сродкі на фінансавую падтрымку дзясятка беларускіх пісьменьнікаў ды гісторыкаў. Разумею, што вельмі цяжка дапамагаць тым, хто ў Беларусі. Але дапамога тым, хто апынуўся ў вымушанай эміграцыі, не ўяўляе якіх-небудзь тэхнічных складанасьцяў. Тым часам як некаторыя з нашых выбітных творцаў ды дасьледчыкаў вымушаныя клапаціцца выключна пра фізычнае выжываньне.
Днямі Вашая паплечніца, прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў нацыянальным адраджэньні Аліна Коўшык у ліку іншых прадставіла праект стварэньня Нацыянальнага дасьледчага ўнівэрсытэту. Гэта цудоўная і надзвычай важная ініцыятыва, і дай Бог, каб усё атрымалася.
Але гэта — у пэрспэктыве, а пэўныя крокі трэба зрабіць ужо цяпер.
Ваш, Сьвятлана Ггеоргіеўна, досьвед палітычнай і грамадзкай дзейнасьці — амаль чатыры гады, мой — амаль сорак, і гэты вопыт кажа мне, што беларуская кніга — гэта сёньня самае важнае з усяго важнага. Бо гэта — на будучыню.
Словы павінны падмацоўвацца дзеяньнямі, і паведамляю, што Рада БНР са сваёй сьціплай касы прафінансавала два выданьня: першае — зборнік быкаўскіх тэкстаў і ўспамінаў пра яго «Быкаў 100» — праз некалькі дзён выходзіць у Празе. Другое пакуль з пэўных прычынаў называць ня буду, скажу толькі, што прысьвечана кніга выбітным асобам беларускай гісторыі.
І ўсё ж, упэўнены, галоўнае залежыць не ад палітыкаў ці ўстановаў, а ад сотняў тысяч беларусаў, якія хаця і перажываць адарванасьць ад Бацькаўшчыны, ад родных і сяброў, але жывуць у вольным сьвеце. Якім хоць і няпроста матэрыяльна (па сабе ведаю, што такое першыя гады эміграцыі), але выдаткаваць дзесяць эўра на кніжку — не азначае фінансавую катастрофу.
Кнігі, якія зьнішчае рэжым у Беларусі, павінны быць у кожнай беларускай сям’і на чужыне. Ды і ўвогуле, кнігі, якія выходзяць у беларускіх выдавецтвах (у «Камунікаце», «Весне, «Кнігаўцы», «Беларускіх ведамасьцях», беларускім ПЭНе, «Пфляўбам» — гэта няпоўны сьпіс, выбачаюся, што пералічыў ня ўсіх). — 1/2