Надзвычай цяжка выказвацца пра мэтазгоднасьць (альбо непажаданасьць) перамоваў з Лукашэнкам з той пр…

Надзвычай цяжка выказвацца пра мэтазгоднасьць (альбо непажаданасьць) перамоваў з Лукашэнкам з той прычыны, што менавіта жыцьцё палітвязьняў з’яўляецца адной зь іх мэтаў. Для тысяч родных і блізкіх зьняволеных якія заўгодна перамовы і якія заўгодна кампрамісы могуць быць апраўданыя выхадам на волю дарагіх ім людзей. І папракнуць іх у гэтым ня мае права ніхто.

Калі ж аналізаваць пытаньне праз гістарычную рэтраспэкцыю, з аднаго боку, а з другога — з улікам сучаснага кантэксту, нязьменна прыходзіш да наступных высноваў.

Усякую «водцепель» (апошнюю па часе — «макееўскую лібэралізацыю) Лукашэнка спыняў, як толькі ўзьнікала рэальная пагроза ягонай асабістай уладзе. Адзінай дапушчальнай формай існаваньня апанэнтаў было — гета, насельнікі якога мусілі сядзець ціха, як мышы. Такі варыянт можа існаваць, мае ён і гістарычныя прыклады — некаторыя акупаваныя Трэцім Рэйхам, а затым камуністычным рэжымам краіны. Але яны сьведчаць, чым завяршаўся супраціў, пакуль панавалі нацызм і камунізм. У Чэхаславаччыне забойства Гейдрыха ў 1942 скончылася зьнішчэньнем Лідзіцэ і масавым тэрорам, «праская вясна» 1968 была раздаўленая савецкімі танкамі.

У Беларусі рэпрэсіі пасьля чарговай «водцепелі» мелі значна больш жорсткі характар, чым папярэднія. Маштаб і працягласьць рэпрэсій цяперашніх супастаўляльны з 1930-мі гадамі.

І той, хто разьлічвае, што Лукашэнка спыніць рэпрэсіі і дазволіць вярнуцца вымушаным эмігрантам, апрыёры мусіць разумець, што ніякай, абсалютна ніякай ня тое што палітычнай апазыцыйнасьці — а проста мінімальнай грамадзкай актыўнасьці Лукашэнка больш не дапусьціць. Тое ж тычыцца і нацыянальных беларускіх ініцыятываў. Бо ўрокі з мінулага Лукашэнка рабіць здольны.

Дапускаю, шмат каго такі варыянт задаволіць — але для яго рэалізацыі не патрэбныя ніякія перамовы: існуе створаная рэжымам «камісія па вяртаньні».

Мы мусім разумець і тое, што пасьля 24 лютага 2022, калі Пуцін напаў на Ўкраіну, сьвет уступіў у іншую эпоху. А Беларусь, тэрыторыя якой была скарыстаная для агрэсіі і эканоміка якой фактычна зрабілася часткай ваенна-прамысловага комплексу Расеі, успрымаецца Захадам як фарпост Масквы для агрэсіі супраць краінаў NATO. Як у такіх умовах здымаць санкцыі з прадпрыемстваў, што робяць элемэнты ваеннай тэхнікі, якая сёньня забівае ўкраінцаў, а заўтра, ня выключана, пачне забіваць літоўцаў, палякаў, чэхаў?

І, бадай, самае галоўнае, што на першы погляд можа здацца суб’ектыўным у кантэксьце тэмы «адарваць Лукашэнку ад Крамля».

Адрозна ад лідэраў 2020 году і, бадай, ужо большасьці апазыцыйных палітыкаў, я асабіста ведаю Лукашэнку вось ужо 35 гадоў. Канешне, за такі час (фактычна, палова чалавечага жыцьця) людзі мяняюцца. Зьмяніўся і Лукашэнка. Але адно засталося ў ім стабільным: поўнае, на нейкім псыхалягічным узроўні непрыманьне ўсяго беларускага, таго, што складае нацыянальную ідэнтычнасьць. А таксама — адданасьць Расеі. Толькі што гэтую адданасьць ён сам пацьвердзіў: “Нас ужо цяжка падзяліць. У абаронным плане мы з Расіяй тут як адзінае цэлае, і на нас глядзець асобна — на Беларусь, асобна на Расію — няма ніякага сэнсу».

Не магу знайсьці лепшай для гэтага ілюстрацыі, чым выступ пісьменьніка Міхаіла Шолахава (ляўрэата Нобэлеўскай прэміі, не пры Трампе будзь сказана) на адным з крамлёўскіх форумаў: “О нас, советских писателях, злобствующие враги за рубежом говорят, будто бы пишем мы по указке партии. Дело обстоит несколько иначе: каждый из нас пишет по указке своего сердца, а сердца наши принадлежат партии”.

Сэрца Лукашэнкі належыць Расеі, і бʼецца яно не за Беларусь.