Расійскі каланізатар прыязджаў, напрыклад, у Берасце. Будаваў там крэпасці, турмы, парахавыя склады, шпіхлеры з гарэлкай. Зачыняў каталіцкія місіі, касцёлы, школы, раскрадаў бібліятэкі. Калі знаходзіў нешта цікавае — вёз у Пецярбург. Барочны Берасце не захаваўся не таму, што не ўлез у Эрмітаж, а таму, што каланізатар проста яго знёс — як нешта лішняе.
Што ж такога ўнікальнага нам пакінула Расія? У чым яе цывілізацыйная місія? Што расійскі каланізатар мог даць палякам ці латышам? Другасную літаратуру, якая не стварыла ніводнага новага жанру, а толькі паўтарала еўрапейскія? Музыку як цень еўрапейскай музычнай традыцыі? Матрошак? Талстаеўскага?..
Маскавіты пры Пятры знішчылі Батурын, казацкае барока, цэлы пласт культуры, якой не мелі самі. Украіна стала донарам расійскай палітычнай думкі, а не наадварот. Згадайце Феафана Пракаповіча, які прыдумаў «Расію» як канцэпт для Пятра Першага. Сімяон Полацкі вучыў царскіх дзяцей грамаце і пісаў на Масковіі барочныя вершы. Бо барока там не было — як стылю. Разумееце?
Феномен Расіі ў тым, што каланізаваныя народы ставалі для метраполіі — донарамі культуры і цывілізацыі. А не наадварот. Бо метраполія ўмела толькі ваяваць і пашырацца. Ніякай цывілізацыйнай місіі ў разуменні Кіплінга там не было і не магло быць. Чым Расія магла ашчаслівіць заваяваныя тэрыторыі? Балалайкамі?.. Спытайце ў Алексіевіч.
«Чырвонай імперыі няма, чырвоны чалавек застаўся», — піша нобелеўская лаўрэатка. Вельмі самакрытычна.
Піша Алесь Кіркевіч, каментуючы выказванні Алексіевіч.
https://budzma.org/news/dekalanizatsyya-aleksievich.html
Дэкаланізацыя Алексіевіч. Руская мова як шлях да…
«Руская мова — шлях да цывілізацыі». Не, гэта кажа не Салаўёў і не Мядзінскі, а наша нобелеўская лаўрэатка — Святлана Алексіевіч. Прычым, кажа нават не пра беларусаў, а… пра ўкраінцаў. Як гэта разумець і ці трэба гэта разумець наогул? Піша Алесь Кіркевіч.