У адпаведнасці з інструкцыяй НКВД ад 29 снежня 1939 г., арышт і высылку трэба было правесці адначасова цягам аднаго дня. Высяленню з Заходняй Беларусі падлягалі 9755 гаспадаркі (50.732 чалавекі). Аднак 226 гаспадарак (2106 чалавек) не трапілі ў першую хвалю дэпартацый, бо былі хворыя (547 чалавек), ва ўцёках (32 чалавекі), адсутнічалі дома (1581 чалавек). Усе хворыя былі ўзятыя пад назіранне, каб пазней адправіцца да месца высылкі іх сем’яў.
Уся належная асаднікам і леснікам нерухомая маёмасць, жывёла, інвентар канфіскоўваліся. Жывёлу і збожжа раздавалі кагасам, саўгасам, беднаце і гандлёвым арганізацыям. Але шмат маёмасці і асабліва каштоўных рэчаў раскралі супрацоўнікі НКВД і райвыканкамаў, а таксама вясковы актыў.
На зборы кожнай сям’і давалі максімум дзве гадзіны. Дазвалялі ўзяць з сабой толькі 500 кг рэчаў, у тым ліку ежу, вопратку, бялізну, посуд, дробны гаспадарчы інвентар.
Рэпрэсаваных заганялі ў вагоны для быдла па 25-30 чалавек. У кожным эшалоне – па 55 вагонаў. Цягнікі ішлі на ўсход амаль месяц. Праз нялюдзскія ўмовы даехалі не ўсе. Вагоны падаваліся ў антысанітарным стане і не ацяпляліся (і гэта пры маразах ў 35-25 градусаў). З ежы давалі толькі хлеб. Людзі паміралі ад холаду, хвароб, роспачы. Старыя і малыя адыходзілі першымі. Памерлых выкідвалі на станцыях, а іншым раз прама на абочыну каляіны.
Перасяленцаў даставілі ў 115 пасёлкаў Архангельскай, Свярдлоўскай абласце, Краснаярскага краю, Комі АССР. “Спецпасяленцы” апынуліся зімой у раёнах з суровым кліматам. Іх размяшчалі ў гаспадарчых, нежылых пабудовах. Харчаванне і медыцынскае абслугоўванне амаль адутнічалі. Умовы працы ў спецпасёлках мала чым адрозніваліся ад лагерных. Нягледзячы на холад, голад і хваробы усе пасяленцы ва ўзросце ад 16 да 60 гадоў павінны былі працаваць на лесапавале. Гэта таксама абумовіла высокую смяротнасць. Ніхто не меў права пакідаць месца пасялення больш чым на 24 гадзіны. У выпадку смерці маці дзетак адпраўлялі ў прытулкі, дзе яны большай часткай хутка паміралі.
Лютаўская дэпартацыя 1940 года была першай з чатырох перадваенных дэпартацый. Другая і трэцяя адбыліся 13 красавіка і 29 чэрвеня 1940 г., чацвертая – на мяжы траўня і чэрвеня 1941 г. Усе яны мелі адміністрацыйны характар і былі інструментам пазасудовых рэпрэсій. Рашэнне аб высяленні прынялі ў Маскве яшчэ ў снежні 1939 г. Палітбюро ЦК ВКП(б) і Савет Народных Камісараў. Пазней аналагічныя рашэнні прыняло кіраўніцтва Беларускай ССР і Украінскай ССР. За арганізацыю акцыі адказвалі НКВД, камуністычныя і савецкія актывісты. Кіраўнік НКВД Лаўрэнцій Берыя ў службовай запісцы на імя Сталіна ад 1 мая 1944 года зазначыў, што падчас даваенных дэпартацый ва ўсходнія раёны памерла ў дарозе 11.516 чалавек.
На здымках: 1. схема аператыўных участкаў па высяленні асаднікаў з заходніх абласцей БССР
2. даведка аб колькасці асаднікаў да высялення
3. таварны вагон, у якім перавозілі рэпрэсаваных
4. даведка Панамарэнкі на імя Сталіна аб выселеных з БССР асадніках