Лічба 8,8 мільёнаў (колькасьць насельніцтва Беларусі) пацьвярджае, што пасьля 2020 эмігравалі (зьбеглі, уцяклі, уратаваліся — як заўгодна назавіце) мінімум 500 тысяч. Прычым зьехалі пераважна — моладзь, кваліфікаваныя спэцыялісты з досьведам, які назапашваецца не за год ці за два (лекары, напрыклад). Пра творцаў, дзеячоў нацыянальнай культуры, на якіх і трымаецца любая нацыя, і казаць няма чаго — бязь іх народ абяскроўлены.
Гэта катастрофа для нацыі, з улікам таго, што вернецца ў лепшым выпадку толькі чвэрць (чаму —гэта асобная тэма).
Такая вось плата дзяцей і ўнукаў за адмову бацькоў і дзядоў у 1994-95 ад свабоды, ад Незалежнасьці, ад роднай мовы, за тое, што паверылі палітычным авантурыстам. Хацелі “маладых ваўкоў” — атрымалі ваўчыныя парадкі.
Большасьць тых, хто галасаваў у 1994 за Лукашэнку і ў 1995 супраць Мовы і Сьцяга, ужо ў магілах — але расплочваюцца іх нашчадкі.
І дай Бог, каб плата не была яшчэ большай, бо калі Пуцін сапраўды наважыцца наносіць тактычны ядзерны ўдар, у мяне няма сумневу, што рабіць ён гэта будзе з тэрыторыі Беларусі — і адказ не прымусіць сябе чакаць.