У савецкія часы гэта назывлася “ліквідацыяй нямецкага гарнізону”, хаця ніякіх немцаў там у той дзень не было. У часы лукашызму заявілі, што такога ўвогуле не было. Два гады таму райвыканкамаўская газета так і напісала, што яны “праверылі і ўсё аказалася фэйкам”. Хаця 28 год таму прадстаўнікі таго ж выканкаму самі ўшаноўвалі памяць забітых партызанамі налібачан.
Налібакі пакаралі за нелаяльнасць, за тое, што тамтэйшыя мужчыны не сышлі ў лес да савецкіх партызан паводле сцэнару сталінскіх камандзіраў (іншае пытанне – навошта, бо партызаны за ўсё вайну амаль не высоўваліся з лесу, апрача як па навакольных вёсках за ежай).
Савецкія партызаны прыйшлі ранкам 8 мая. Экзэкуацыі адбываліся амаль у кожным двары паводле таго самага сцэнара, апрача габрэйскай вуліцы. Амаль усіх налібацкіх габрэяў немцы забралі ў гета годам раней. А цяпер справу з Налібакамі завяршаюць партызаны. Яны забягаюць у хату, страляюць у гаспадара, а часам і ў цэлыя сем’і, і рабуюць дом. Зброі, каб абараніцца, у мясцовых амаль няма. Зрэшты, яны перакананыя, што гэта пастаноўка, што так іх хочуць забраць у лес, каб немцы потым не помсцілі ўсім жыхарам. Той, у каго ёсць зброя (а мясцовай «самаахове» немцы раней далі на ўсё вёску, дзе жыло 2 тысячы чалавек, 28 карабінаў) страляе, як раней і дамаўляліся, угару, а партызаны адказваюць чэргамі з аўтаматаў, падпальваючы будынкі. З сабою ў лес партызаны забіралі кароў, коней, свіней, нават гадзіннік з рукі ахвяры або боты з ног.
Пра бойню 8 мая 1943 году даўно апублікаваныя ўспаміны, названыя ўсе імёны забітых (сярод якіх жанчыны і дзеці), ёсць кнігі навукоўцаў, артыкулы, у пушчы працавалі экспедыцыі гісторыкаў. На могілках за лічаныя хвіліны можна знайсці магілы забітых. Але як тады, так і цяпер, ёсць людзі, якія хочуць абылгаць ахвяр або ўвогуле назваць усё фэйкам. Але самае горкае тое, што ёсць людзі, якія ім вераць, у тым ліку сярод налібачан.
Калі б ня дай Бог расейцы захапілі ў першыя дні пасля 24 лютага 2020 году Ўкраіну, то мы б, імаверна, і не ведалі нічога пра Бучу. Яны б напісалі такую гісторыю, у якую прымусілі б паверыць. Тут тое ж самае. Два гады таму, калі Генпракуратура пачала шоў па справе аб генацыдзе падчас вайны, я накіраваў ім матэрыялы па Налібаках. Так, для асветы. Мне нават адпісалі, што дададуць іх да справы. У зборніку, вядома ж, пра гэта не згадалі. Фанаты тых, хто тады страляў у налібачан, і проста невукі ці дурні, спрабуюць забалбатаць забойствы мірных жыхароў. Колькі буду жыць, столькі буду нагадваць пра ахвяр і іх катаў.