І вось тут пачынаецца: “Зараз я напампую сабе падручнікаў, слоўнікаў, сяду, вывучу правілы, словы і нарэшце буду размаўляць”.
Давайце будзем шчырымі: у нас для гэтага было шмат часу. А цяпер падыміце рукі тыя, хто скарыстаўся мяккай беларусізацыяй і перайшоў на беларускую мову? Нешта малавата
Таму з такім расклыдам вы не сядзеце, не вывучыце і вось чаму:
а) зараз няма часу на акадэмічны падыход і ізаляванае вывучэньне тэорыі
б) ня хопіць трываньня ды самадысцыпліны самастойна пралезці праз востракол правілаў, а да рэпетытараў вы ці наўрад пабяжыце
в) знойдзеце 101 прычыну не садзіцца за нудныя правілы сёння і паабяцаеце зрабіць гэта заўтра
г) тэорыя без практыкі бессэнсоўная.
Што рабіць? А пачынаць з канца: адразу размаўляць і пісаць. Мы ж не замежную мову вучым, а да сваёй роднай вяртаемся. Усё астатняе: правілы, лексікон, фразы падцягнуцца ў працэсе. Больш за тое, у вас з’явіцца зацікаўленасьць, і вы самі з задавальненьнем будзеце шукаць і правілы, і словы ў слоўніках – гэта становіцца падобным на гульню: складзі моўны пазл
Што нам дапаможа адразу кінуцца ў практыку?
1) размаўляйце па-беларуску пры любой нагодзе. Вось так адразу. І не клапаціцеся, хто там што пра вас падумае. Літаральна, калі ведаеце па беларуску хоць пару словаў – лупіце імі, дзе можаце. Паступова лексікон павялічыцца, а псыхалягічны блёк зьменшыцца.
2) пішыце па-беларуску, дзе атрымліваецца – напісаньне непазьбежна стымулюе карыстацца слоўнікамі. Для гэтага ўсталюйце на сваіх гаджэтах беларускую раскладку. Нашыя падпісанты падзяліліся досьведам: увогуле выдаліць расейскамоўную раскладку, каб спакусы не было – таксама варыянт
3) чытайце беларускія кнігі – яны дадуць вам і лексікон, і гатовыя для ўжываньня фразы.
4) вучыце і чытайце ўслых беларускія вершы – гэта трэнуе маўленьне і памяць, дае эстэтычную асалоду, бо калі вы пагартаеце хоць бы і наш канал, то ўбачыце, як шмат ёсьць прыгожых і актуальных зараз вершаў.
5) слухайце беларускія песьні, глядзіце фільмы ў беларускай агучцы, перадачы і спэктаклі па-беларуску (Купалаўцы нам у дапамогу ) – дапамагаюць успрымаць маўленьне + кідаюць у вашую скарбонку.
моўныя звароты
6) адказвайце па-беларуску, калі да вас па-беларуску зьвяртаюцца – гэта надае адчуваньня еднасьці, абранасьці і ўпэўненасьці.
7) размаўляйце разам зь сябрамі – тое ж самае адчуваньне еднасьці. Нават калі вы жывяцё ў замежжы, то сябе ўжо выдатна ў гэтым пляне паказалі беларускамоўныя зумы вузкіх суполак.
Ну што, складана? Насамрэч не. Трэба толькі вывучыць адну мантру: “Я размаўляю па-беларуску” і паўтараць яе. Праверана, працуе