На жаль, пытанне канфідэнцыйнасці асабістых звестак і плацяжоў у Беларусі не знаходзіцца ў прававым полі.
Калі вы здзяйснялі плацяжы праз Фэйсбук у фонды салідарнасці ці іншыя пратэставыя зборы, просім уважліва паставіцца да наступнай інфармацыі:
Як Губаз знаходзіць тых, хто пералічвае грошы?
Ёсць некалькі фактараў, што складаюць раскрыццё асабістых звестак:
1. Банкаўскі працэсінгавы цэнтр, праз які праходзяць карткавыя транзакцыі, захоўвае звесткі пра час, дату, памер і прызначэнне платы;
2. Банкі, у якіх ёсць інфармацыя пра кліентаў, уключна з месцам працы, актуальным адрасам і пашпартнымі звесткамі, даюць гэтыя звесткі сілавікам.
Задача параўнання банкаўскіх картаў і рэальных людзей можа быць у дастатковай ступені аўтаматызаваная.
Гэта значыць, што зусім няма праблемы скласці спіс, у якім данатары будуць згрупаваныя па месцах працы. Адпаведна разаслаць “лісты шчасця” ў арганізацыі — справа не складаная.
Гэта значыць, аргумент, што там данацілі дзясяткі тысяч чалавек, на жаль, не працуе: у рэжыму няма праблемы гэтыя звесткі апрацаваць хутка.
Усе, хто данаціў, хто знаходзіцца ўнутры краіны ці плануе паездку ў РБ, знаходзяцца ў зоне рызыкі (і няма гарантыі, што абыдзецца штрафам, а не крымінальнай справай за фундаванне тэрарызму).
Што можна зрабіць:
Выдаліць профіль у Фэйсбуку.
На пытанні сілавікоў адказваць, што гуляў на ФБ у гульні і плаціў за іх. Потым “жахнуўся” колькасці выдаткаваных грошай і выдаліў старонку.
Выбраць 1-2 гульні, быць гатовым адказаць на пытанні. Ці прыдумаць іншую праўдападобную гісторыю, якую цяжка праверыць. У Фэйсбуку бываюць зборы на лячэнне, дапамогу бездомным жывёлам і г.д.
Калі не выдаліць старонку і прадэманстраваць сілавікам свой ФБ-акаўнт з пацверджанымі платамі на адрас Байсол, то гэта раўнаварта чыстасардэчнаму прызнанню ў “злачынстве”. Пасля гэтага “аддаць сябе на літасць” “правасуддзю”, г. зн. сілавікі атрымліваюць фармальную нагоду паглыбіцца ў вывучэнне лічбавага следу (Тэлеграм і г.д.), быць затрыманым з усімі адпаведнымі наступствамі.
Таксама звяртаем вашу ўвагу, што Інстаграм захоўвае архіў публікацый сторыз. Не забудзьцеся праверыць яго ў настройках свайго профілю і выдаліць матэрыялы, якія кампраметуюць вас (рэпосты навінаў, фота і відэа акцый, выкарыстанне стыкераў і гіфак – любыя гісторыі з палітычнай афарбоўкай).
І яшчэ адзін нюанс працы Інстаграма: ён захоўвае сторыз у альбомы фота і відэа на вашых дэвайсах. Не забывайцеся чысціць гэтыя альбомы!
Жыве Беларусь!