Нагадаем, што мы робім серыю кароткіх інтэрв’ю з арганізатар_камі пастаянных клубаў і мерапрыемстваў у «Кропцы». Гэтым разам мы паразмаўлялі не з адным чалавекам, а з цэлай камандай. Знаёмцеся — каманда Клуба беларускамоўнага нэтворкінгу ў Тбілісі.
— Як узнікла ідэя стварыць клуб беларускамоўнага нэтворкінгу?
— Клуб беларускамоўнага нэтворкінга распачаўся з Батумі. Ідэю падхапіла беларуска з Тбілісі, так і распачалося. З таго часу заснавальніца клубу з’ехала з Сакартвэла, крыху змяніўся фармат, але клуб працягвае жыць і развівацца ўжо больш за 3 гады, дзякуючы новым энтузіаст_кам.
— Што б вы назвалі сваёй місіяй?
— Місія нашага клуба – пашырэнне кола аднадумцаў праз беларускую мову, а таксама карыстанне беларускай мовай ці пераход на яе ва ўтульным і бяспечным асяроддзі.
— З якімі цяжкасцямі вы сутыкаецеся пры арганізацыі сустрэч?
— У нас хутчэй не цяжкасці, а проста працоўныя задачы, да якіх мы шукаем новыя рашэнні. Адна з задач – заахвочваць прыходзіць новых людзей, а другая – разнастайніць працэс нэтворкінгу, каб тым, хто ходзіць стала, было цікавей.
— Як вы прыцягваеце новых удзельні_ц у клуб?
— Праз абвесткі ў мясцовых чатах. Таксама ўдзельні_цы прыводзяць сваіх сяброва_к ды знаёмых. А нашыя вядоўцы сапраўдныя амбасадары нэтворкінгу. Як толькі сустракаюць дзесьці беларуса_к – адразу запрашаюць завітаць на нэтворкінг. Такім чынам да нас заўсёды завітваюць новыя цікавыя людзі.
— Якія рэсурсы або падтрымка вам неабходныя для паспяховай працы клуба?
— Наша паспяховасць – гэта вы, людзі. Мы вельмі радыя як адданым удзельні_цам нэтворкінга, так і новым. Таксама мы адкрыты для новых чальцоў у каманду арганізатара_к нэтворкінга. Падчас сустрэч мы збіраем дабраахвотныя данаты на выдаткі па набыццю падарункаў для гульняў, канцылярыі. Дзякуючы удзельні_цам клубу мы забяспечаны ўсім неабходным.
— Што вас матывуе працягваць займацца гэтай (валанцёрскай) дзейнасцю не за грошы?
— Па-першае, у клуба беларускамоўнага нэтворкінга вельмі зладжаная арганізацыйная каманда. Мы натхняем і матывуем ад_на ад_ну. Па-другое, на нэтворкінг прыходзяць вельмі цікавыя удзельні_цы. Шмат хто пачынае выкарыстоўваць беларускую мову ўпершыню са школьных часоў, прыемна назіраць, як у іх атрымліваецца ўсё лепш і лепш. Шчасце бачыць так шмат беларусак і беларусаў, якія размаўляюць на роднай мове.
— Як вашы сустрэчы дапамагаюць беларускай суполцы?
— Мы намагаемся рабіць камфортнае месца, дзе ў першую чаргу беларус_кам прыемна размаўляць па-беларуску і чуць беларускую мову па-за межамі Беларусі. Удзельні_цы знаёмяцца, знаходзяць сабе сябро_вак, людзей падобных інтарэсаў. Наш клуб дапамагае не адчуваць сябе самотн_ай у эміграцыі, а адчуваць родны беларускі вайб.
— Якія парады вы маглі б даць тым, хто хоча пачаць аналагічны клуб?
— Прыемна, што падобныя клубы ўжо існуюць у розных гарадах і краінах: у Тбілісі і Батумі, у Гданьску, Торуне і Варшаве, у Барселоне. Мы марым, каб такі клуб быў у кожнай краіне свету, дзе ёсць беларускі і беларусы.
Калі вы хочаце зрабіць беларускамоўны нэтворкінг у сваім горадзе – звяртайцеся да нас! Мы падзелемся ўсёй інфармацыяй, якая патрэбна каб распачаць. І, канешне, завітвайце паўдзельнічаць у нашых сустрэчах!
Дзякуй прасторы «Кропка» і ўсім удзельніцам і ўдзельнікам тбіліскага беларускамоўнага нэтворкінгу!