Дарагія жанчыны Беларусі! У гэты Міжнародны жаночы дзень я хачу выказаць вам глыбокую павагу і салід…

Дарагія жанчыны Беларусі!

У гэты Міжнародны жаночы дзень я хачу выказаць вам глыбокую павагу і салідарнасць. Гэтае свята набывае асабліва горкі прысмак, калі больш за 167 вашых сясцёр па няшчасці знаходзяцца ў зняволенні, ахвяры несправядлівасці і палітычных рэпрэсій.

Ваша смеласць і мужнасць, праяўленыя ў 2020 годзе і наступныя гады, з’яўляюцца для нас крыніцай натхнення. Вы былі ў першых шэрагах пратэстаў, дапамагалі тым, хто мае патрэбу, і самааддана змагаліся за нашыя правы і свабоды. Ваша барацьба – – гэта барацьба за будучыню Беларусі, за справядлівасць і свабоду для ўсіх.

Я ведаю, якімі цяжкімі з’яўляюцца вашыя выпрабаванні. Але ваша сіла духу, стойкасць і вера ў справядлівасць – гэта маяк надзеі для ўсёй краіны. Ваш гераізм выклікае ў мяне глыбокае захапленне. Памятайце: мы памятаем пра вас, мы не забываем пра вашую ахвяру, і мы працягнем змагацца за вашае вызваленне.

Няхай гэты дзень прынясе вам сілу і надзею. Няхай ён стане сімвалам вашай непахіснай волі і пацвярджэннем таго, што ваша барацьба не дарэмная. Са святам, дарагія жанчыны! Жадаю вам свабоды і найхутчэйшага вяртання дадому.

З глыбокай павагай і надзеяй на лепшае,
Ілля Міронаў.

Пра ўсіх жанчын – удзельніц ірландскіх і беларускіх пратэстаў напісалі ўжо стагодзьдзе таму. Зрабіў гэта ірландзкі набэліст Ўільям Батлер Ейтс.

ПАЛІТЫЧНАЙ ЗЬНЯВОЛЕНАЙ

Ёй, нецярплівай зь юных год,
Так шмат цярпеньня далі страты, –
Аж чайка абарве палёт
Каля вязьніцы, на дварэ,
Сядае да яе на краты
І сьмела ежу з рук бярэ.

Кранула шэрае крыло –
І так выразна праступае,
Што цьмяным некалі было:
Між палымяных змагароў
Вяла сьляпых, сама сьляпая,
З усімі падаючы ў роў?

Я помню, як наўскапыта
Між гор ляцела па-над страхам,
Уся – парыў і пекната,
Была крылатаю амаль,
Нібы народжаная птахам
Для гор і акіянскіх хваль:

Упершыню ўцячы з гнязда
Туды, дзе ўсё шырэй прастора
І ўсё люцей кіпіць вада;
Глядзець на штармавы прасьцяг
І чуць, як б’ецца сэрца мора,
Пульсуючы ў яе грудзях.

(С) Ўільям Батлер Ейтс
Пераклад з анг. Андрэй Хадановіч